БЕЛ Ł РУС

У Францыі прынялі закон аб вяртанні культурных каштоўнасцяў былым калоніям

16.04.2026 / 22:41

Nashaniva.com

Французскія дэпутаты прынялі закон, які спрашчае вяртанне культурных каштоўнасцяў, вывезеных з былых калоній. Нацыянальны сход Францыі аднагалосна падтрымаў гэты законапраект, а раней яго ўжо ўхваліў Сенат, паведамляе Euronews.

Фота: AP Photo/Michel Euler

Закон прадугледжвае больш простую працэдуру вяртання мастацкіх твораў і артэфактаў, вывезеных з былых французскіх калоній, напрыклад, Алжыра, Малі ці Беніна. Асаблівая ўвага надаецца прадметам, вывезеным у перыяд з 1815 да 1972 года — да ўступлення ў сілу міжнароднай канвенцыі аб ахове культурнай спадчыны.

Гэта рашэнне працягвае палітыку прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, які яшчэ ў 2017 годзе заявіў пра неабходнасць вяртання афрыканскай культурнай спадчыны. Ён падкрэсліваў, што такія каштоўнасці не павінны знаходзіцца толькі ў еўрапейскіх музеях і прыватных калекцыях.

Паводле новага закона, краіны павінны афіцыйна звярнуцца з просьбай аб вяртанні і гарантаваць, што прадметы будуць захоўвацца і паказвацца грамадству. Пасля гэтага спецыяльная камісія будзе вырашаць, ці былі яны атрыманыя Францыяй незаконна або сілай.

Пры гэтым закон не закранае некаторыя катэгорыі каштоўнасцяў, напрыклад, вайсковыя прадметы, дзяржаўныя архівы і часткі археалагічных знаходак.

Нягледзячы на выніковую аднадушную падтрымку, падчас абмеркавання ўзнікалі спрэчкі наконт таго, на які перыяд павінны распаўсюджвацца новыя правілы.

У апошні час Францыя ўжо пачала вяртаць асобныя артэфакты, напрыклад, свяшчэнны барабан, вывезены з Кот-д’Івуара ў 1916 годзе.

Чытайце таксама:

Францыя вяртае Мадагаскару чэрап мясцовага караля, якому адсеклі галаву 128 гадоў таму

Нямеччына і Францыя вяртаюць культурныя каштоўнасці краінам Афрыкі. Беларусь можа выкарыстаць гэты прэцэдэнт?

У Луўры пасля «рабавання стагоддзя» памянялі дырэктара

Каментары да артыкула