БЕЛ Ł РУС

Іран на 10 дзён адкрыў Армузскі праліў для ўсіх суднаў. Цэны на нафту паляцелі ўніз

17.04.2026 / 16:40

Nashaniva.com

На час 10‑дзённага перамір’я паміж Ізраілем і Ліванам Армузскі праліў будзе адкрыты для ўсіх суднаў без выключэння, заявіў кіраўнік іранскага МЗС Абас Аракчы ў сацсетцы X. 

Судна праходзіць праз Армузскі праліў 8 красавіка 2026 года. Фота: Shady Alassar / Anadolu via Getty Images

«У адпаведнасці са спыненнем агню ў Ліване праход для ўсіх камерцыйных суднаў праз Армузскі праліў аб’яўляецца цалкам адкрытым на астатні перыяд спынення агню па ўзгодненым маршруце, які быў раней аб’яўлены Арганізацыяй партоў і марскога судаходства Ісламскай Рэспублікі Іран», — напісаў Абас Аракчы.

На фоне гэтай навіны цэны на нафту імгненна паляцелі ўніз.

Чэрвеньскія ф’ючарсы на нафту маркі Brent упалі на 10,5%, да $88,96 на фоне навіны пра адкрыццё Армузскага праліва, вынікае з даных лонданскай біржы ICE Futures.

Кошт ф’ючарсаў на амерыканскую нафту WTI на таргах Нью-Ёркскай таварнай біржы NYMEX упаў на 9% і дасягнуў $82,9 за бараль.

Іран раней падкрэсліваў, што спыненне атак на Ліван з’яўляецца важнай умовай будучага мірнага пагаднення. Пры гэтым у Тэгеране падаюць перамір’е як поспех праіранскай групоўкі «Хезбала», якая мае значны ўплыў у Ліване.

Пра спыненне агню з 17 красавіка ўчора заявіў таксама прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Ён адзначыў, што ЗША хочуць арганізаваць першую за доўгі час асабістую сустрэчу лідараў Ізраіля і Лівана.

Цяпер жа Трамп падзякаваў Ірану за адкрыццё Армузскага праліва ў пасце на сваёй платформе Truth Social, пры гэтым назваўшы праліў «пралівам Ірана»:

«Іран толькі што аб’явіў, што праліў Ірана цалкам адкрыты і гатовы да свабоднага праходу. Дзякуй!»

Паводле крыніц выдання Axios, паралельна прасоўваюцца і перамовы паміж ЗША і Іранам. Абмяркоўваецца магчымасць размарозкі каля 20 мільярдаў даляраў іранскіх сродкаў у абмен на адмову Ірана ад запасаў урану.

Еўрапейскія краіны і дзяржавы Персідскага заліва, якія ўжо адчулі наступствы канфлікту, зацікаўленыя ў падаўжэнні перамір’я і захаванні суднаходства праз праліў. Таксама плануецца сустрэча еўрапейскай кааліцыі, дзе будуць абмяркоўваць доўгатэрміновыя меры для стабільнасці ў рэгіёне.

Чытайце таксама:

Еўропа мае запасы авіяпаліва толькі да лета. Чаму так сталася і што рабіць?

Рэжым у Іране змяніўся — прычым у горшы бок

Трамп заявіў, што Іран пагадзіўся перадаць ЗША ўзбагачаны ўран

Трамп: Мы засяроджаныя на Іране

Трамп давёў колькасць спыненых войнаў да дзесяці

Каментары да артыкула