Стала вядома, якую патэнцыйную здзелку абмяркоўваюць ЗША і Іран
Паводле крыніц выдання Axios, ЗША і Іран абмяркоўваюць патэнцыйную здзелку, у цэнтры якой — частковая размарозка іранскіх актываў ўзамен на абмежаванне ядзернай праграмы Ірана. Пакуль паміж бакамі існуе шмат рознагалоссяў, але яны могуць зблізіць пазіцыі падчас перамоў у пакістанскім Ісламабадзе, запланаваных на нядзелю 19 красавіка.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo/Vahid Salemi
Асноўная ідэя заключаецца ў тым, што Іран можа атрымаць доступ да прыкладна 20 мільярдаў даляраў замарожаных сродкаў у абмен на шэраг крокаў у ядзернай сферы. У прыватнасці, гаворка ідзе пра вываз або перапрацоўку іранскага ўзбагачанага ўрану і ўвядзенне мараторыя на яго далейшае ўзбагачэнне.
Паводле крыніц Axios, ЗША спачатку прапаноўвалі значна меншую суму — каля 6 мільярдаў даляраў, але з жорсткімі абмежаваннямі на выкарыстанне грошай толькі на гуманітарныя тавары. Іран у адказ прасіў значна больш — каля 27 мільярдаў, і ў выніку абмяркоўваецца кампраміс каля 20 мільярдаў.
Асобным спрэчным пытаннем застаецца лёс узбагачанага ўрану (450 кг, узбагачанага да 60%). ЗША патрабуюць яго поўнага вывазу з краіны, у той час як Іран прапануе пакінуць яго ў сябе, але перапрацаваць, разбавіць або змяшаць з іншымі відамі ўрану.
Таксама разглядаюцца кампрамісныя варыянты, калі частка матэрыялу застанецца ў Іране, а частка будзе перададзена трэцяй краіне.
Яшчэ адзін важны пункт — забарона на ўзбагачэнне ўрану на пэўны тэрмін. ЗША хочуць, каб гэта было каля 20 гадоў, а Іран прапануе значна карацейшы перыяд — каля 5 гадоў.
Акрамя гэтага, абмяркоўваецца, што Іран зможа захаваць некаторыя ядзерныя аб’екты для мірных мэтаў, але яны павінны быць размешчаныя цалкам на паверхні, без падземнай інфраструктуры.
Пакуль не зразумела, як у здзелку могуць быць уключаныя пытанні ракетнай праграмы Ірана і яго рэгіянальных саюзнікаў.
Пасля з’яўлення гэтых паведамленняў Дональд Трамп заявіў, што ніякіх грошай Ірану перадавацца не будзе, хаця аналітыкі лічаць, што без частковай размарозкі актываў рэальная дамова выглядае малаверагоднай.
Чытайце таксама:
Лукашэнка: Трамп паказаў усяму свету і сапраўднае аблічча ЗША, і абмежаванасць магчымасцяў ЗША
Іран на 10 дзён адкрыў Армузскі праліў для ўсіх суднаў. Цэны на нафту паляцелі ўніз
Кіраўнік Пентагона працытаваў замест Бібліі ўрывак з «Крымінальнага чытва»
Трамп заявіў, што Іран пагадзіўся перадаць ЗША ўзбагачаны ўран