БЕЛ Ł РУС

У Баранавіцкім раёне перад старадаўняй царквой спілавалі дрэвы. Жыхары абураныя

18.04.2026 / 20:31

Nashaniva.com

У вёсцы Вольна Баранавіцкага раёна спілавалі старыя дрэвы перад барочнай царквой. Пра гэта паведамілі мясцовыя жыхары ў Threads, якія не разумеюць, навошта гэта зрабілі, заўважыла выданне BGmedia.

У Вольне высеклі дрэвы каля барочнага храма. Фота: @frau_percht у Threads

Паводле слоў відавочцаў, гаворка ідзе пра тэрыторыю, якая лічыцца пачаткам былога парку роду Слізняў. Раней гэта месца выглядала як зялёная зона каля храма, але цяпер частка дрэваў ужо зрэзаная.

На фота відаць спілаваныя ствалы і тэрыторыю побач з царквой, якая знаходзіцца на рэстаўрацыі. Афіцыйных тлумачэнняў прычын правядзення такіх работ пакуль няма.

Беларусы ў Threads не стрымаліся ў эмоцыях, калі каментавалі сітуацыю. Для многіх гэта выглядае як чарговая страта звыклага ландшафту.

«Як усюды… Такое адчуванне, што нейкае вар’яцтва навокал».

«Капец. Там так прыгожа было ўлетку».

«Вызваляюць месца ўраганам».

Сітуацыя з высяканнем дрэваў у Вольне — не выключэнне, а частка больш шырокай праблемы, якая назіраецца ў розных рэгіёнах Беларусі.

У Мінску падобныя выпадкі не раз выклікалі канфлікты паміж жыхарамі і камунальнымі службамі. Людзі абураліся зразаннем дрэваў як у дварах, так і ў зялёных зонах, напрыклад у лесапарках Мядзвежына і Калодзішчы.

Парк Мядзвежына да і пасля высякання дрэў. Скрыншот з відэа ў TikTok

У апошнім выпадку жыхары нават арганізавалі петыцыю, каб спыніць знішчэнне зялёнай тэрыторыі, дзе плануецца будаўніцтва жылога комплексу.

Высяканне дрэў у Калодзішчах. Скрыншот з відэа ў TikTok

У Гомелі таксама неаднаразова ўзнікалі спрэчкі. Жыхары крытыкавалі вырубку дрэваў у цэнтры горада, у тым ліку на вуліцы Баўмана і ў скверы, дзе пасля паставілі помнік маршалу Ракасоўскаму. На іх думку, пасля такіх работ гарадская прастора губляе ўтульнасць і становіцца менш прывабнай.

Гомельскія ўлады высеклі сквер, каб паставіць помнік Канстанціну Ракасоўскаму. Работы на аб’екце

У Брэсце сітуацыя атрымала асаблівы рэзананс. Абурэнне выклікала выдаленне дрэваў каля Брэсцкай крэпасці — месца з вялікім гістарычным значэннем. Акрамя таго, жыхары звярталі ўвагу, што перад візітамі высокіх чыноўнікаў у горадзе актыўна праводзіцца «ўпарадкаванне», якое часта суправаджаецца высяканнем дрэў.

Высяканне дрэў у Брэсце. Фота: Threads

У цэлым у розных гарадах паўтараецца падобная сітуацыя: улады тлумачаць высяканні дрэў неабходнасцю рамонту, будаўніцтва або ўпарадкавання, але жыхары часта не атрымліваюць дастаткова ясных тлумачэнняў і не разумеюць, чаму менавіта такія меры лічацца патрэбнымі. Гэта і становіцца прычынай незадаволенасці і канфліктаў.

Чытайце таксама:

У Мядзведжыне татальна высякаюць лес. Афіцыйная версія — ратуюць ад караеда

«Адбярыце ў гэтых неадэкватных пілу!» Як дэпутаты «навялі парадак» на гістарычных могілках у Брэсце

У Вязынцы спілавалі маляўнічыя дрэвы, нахіленыя над вадой ФОТЫ

Гомельскія ўлады дзеля ўстаноўкі помніка Ракасоўскаму высеклі цэлы сквер у цэнтры горада

У адным з магілёўскіх сквераў павысякалі векавыя дубы

Каментары да артыкула