У Мядзведжыне татальна высякаюць лес. Афіцыйная версія — ратуюць ад караеда
У сталічным мікрараёне Сухараве неспакойна: апошні лесапарк раёна імкліва губляе дрэвы. Улады спісваюць маштабныя высечкі на эпідэмію караеда. Але калі ўважліва вывучыць горадабудаўнічыя планы і навуковыя даследаванні, вымалёўваецца сумная карціна бяздумнасці.

Сумныя фотаздымкамі пянькоў там, дзе яшчэ нядаўна быў густы лес, з'явіліся ў сацсетках. Высечка з'яўляецца працягам высечак, якія вяліся ў папярэднія гады, пашыраючы і без таго вялікую прагаліну ў бок забудовы з боку цотнага боку вуліцы Максіма Гарэцкага.


Мінчукі пачалі выказваць самыя розныя версіі для чаго спатрэбілася нішчыць лесапарк на працягу некалькіх гадоў. Адны кажуць пра нібыта жаданне пракласці аўтамабільную дарогу праз зялёную зону, каб злучыць вуліцы, іншыя — увогуле пра расчыстку пляцоўкі пад камерцыйны жылы комплекс.
Гэтая паніка цалкам зразумелая, улічваючы тое, як часта ў Мінску зялёныя (і ўвогуле любыя ахоўныя) зоны раптам ператвараюцца ў будаўнічыя пляцоўкі, аднак у гэтым выпадку страхі пакуль не знаходзяць дакументальнага пацвярджэння.




У зацверджаным праекце дэтальнага планавання (ПДП) гэтай тэрыторыі не пазначана ніякіх капітальных аб'ектаў на месцы цяперашніх высечак. У базах дзяржаўных закупак таксама не значыцца ніводнага тэндэру на праектаванне ці будаўніцтва ў гэтым квадраце. Больш за тое, калі паглядзець на саму геаметрыю высечаных палян, яна абсалютна не супадае з восямі суседніх вуліц, што робіць версію пра пракладку транзітнай магістралі непраўдападобнай.

Яшчэ адна версія, якая актыўна абмяркоўваецца гараджанамі, звязаная са спартыўнай інфраструктурай. Сапраўды, у сярэдзіне лютага начальнік галоўнага ўпраўлення спорту Мінгарвыканкама анансаваў стварэнне ў Мядзведжыне адразу трох лыжаролерных трас працягласцю да трох з паловай кіламетраў, а таксама пункта пракату з пакоямі для трэнераў. Пачуўшы гэта, многія вырашылі, што лес валяць менавіта пад спартыўны мега-праект.



Але лыжаролерная траса — гэта, па сутнасці, звычайная асфальтаваная дарожка, хай сабе і крыху шырэйшая за сцежку лесапарку. Яе праектуюць так, каб яна віхляла паміж дрэвамі, максімальна ўпісваючыся ў існы ландшафт. Для пракладвання такіх маршрутаў даводзіцца прыбіраць асобныя ствалы, але для гэтага абсалютна не патрэбна высякаць лес цэлымі гектарамі, утвараючы пустэчы памерам з футбольнае поле. Спартыўная інфраструктура проста не здольная растлумачыць тых маштабаў зачысткі, якія мы бачым сёння.
Што думаюць навукоўцы пра сітуацыю ў лесапарку
Афіцыйная версія Мінскай лесапаркавай гаспадаркі застаецца нязменнай з мінулых гадоў: ва ўсім вінаваты жук-караед, які нібыта татальна знішчае іглічныя дрэвы праз змену клімату і наступстваў меліярацыі.

Чыноўнікі пераконваюць, што дрэва можа стаяць зялёным, але ўжо быць мёртвым знутры, таму пад сякеру ідуць нават вонкава здаровыя ствалы. Зручная пазіцыя, якую вельмі складана аспрэчыць звычайнаму мінаку, але якая разыходзіцца з навуковымі данымі.
У 2022 годзе навукоўцы геаграфічнага факультэта БДУ правялі дэталёвае даследаванне экалагічнага стану менавіта гэтага лесапарку. Яны вывучылі больш за сотню іглічных дрэў у розных яго частках. Высновы даследчыкаў аказаліся вельмі цікавымі.

Абсалютная большасць дрэвастояў была прызнана здаровай або проста аслабленай, што з'яўляецца абсалютнай нормай для лесу, заціснутага ў шчыльнай гарадской забудове.
Сапраўды моцна пашкоджаныя дрэвы навукоўцы знайшлі толькі на паўднёвай мяжы парку, уздоўж шумнай і загазаванай вуліцы Шаранговіча. Аднак парадокс палягае ў тым, што сённяшнія татальныя высечкі ідуць зусім не там.
Яны сканцэнтраваныя ў цэнтральнай частцы Мядзвежына, якая, згодна з навуковымі дадзенымі, знаходзілася ў цалкам здавальняльным стане і не патрабавала ніякіх радыкальных санітарных зачыстак.


Рукатворная антрапагенная нагрузка
Чыноўнікі зважаюць, што прычынай праблем у лесапарку з'яўляецца змяненне клімату і агрэсіўнае антрапагеннае ўздзеянне на зялёную зону. Аднак самі ставіліся да гэтай тэрыторыі з грэбаваннем да экалогіі.

У перыяд з 2017 да 2019 года жыхары раёна безвынікова скардзіліся на тое, што камунальныя службы ператварылі паўночную частку лесапарку ўздоўж вуліцы Гарэцкага ў сапраўдны палігон для будаўнічых адходаў. Падчас мадэрнізацыі цепласетак туды тысячамі тон звальвалі мінеральны грунт.
Экскаватары разраўноўвалі горы зямлі, вышыня якіх месцамі перавышала чалавечы рост, хаваючы пад сабой каранёвыя сістэмы жывых дрэў.
Тады адміністрацыя раёна і эколагі адказвалі людзям бюракратычнымі адпіскамі, называючы гэта ўзгодненым «часовым складаваннем». З такім варварскім умяшаннем у зялёную зону не трэба ніякага караеда.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары