БЕЛ Ł РУС

У дзіцячым харчаванні аднаго з еўрапейскіх вытворцаў знайшлі пацучыную атруту

19.04.2026 / 11:51

Nashaniva.com

У Аўстрыі выявілі небяспечны выпадак з дзіцячым харчаваннем: у адным са слоікаў прадукцыі кампаніі Hipp знайшлі пацучыную атруту, піша Euronews.

Фота ілюстрацыйнае

Заражаны слоік выявілі ў ходзе праверкі і адклікання прадукцыі з крам сеткі Spar. Ёсць падазрэнні, што гаворка ідзе не пра вытворчую памылку, а пра наўмыснае ўмяшанне — магчыма, спробу шантажу вытворцы.

Кампанія паведаміла, што перадала справу ў праваахоўныя органы і пакуль не дае дадатковых каментароў. Пры гэтым падкрэсліваецца, што ўжыванне падробленай прадукцыі можа быць небяспечным для жыцця.

Расследаванне праводзіцца ў Аўстрыі, але падобныя падазроныя слоічкі таксама выявілі ў Германіі, Чэхіі і Славакіі. Першыя аналізы пацвердзілі наяўнасць таксічнага рэчыва. Адзначаецца, што такія слоічкі могуць мець незвычайны або непрыемны пах.

Улады заклікаюць людзей быць уважлівымі: звяртаць увагу на пашкоджаныя або ўжо адкрытыя ўпакоўкі, адсутнасць характэрнага гуку пры адкрыцці і падазроныя знакі на дне слоіка — белыя наклейкі з чырвоным кругам. Такія прадукты ўжываць нельга.

Сімптомы атручвання могуць з’явіцца не адразу — праз некалькі дзён. Сярод іх — крывацёкі, слабасць і бледнасць. Пры падазрэнні на атручванне неабходна тэрмінова звярнуцца да доктара.

Чытайце таксама:

Ведаеце лубін? Навукоўцы з Мінска распрацавалі катлеты з яго. Але самі не гатуйце ні ў якім разе!

«Атрутай упрыгожылі клумбу»: працяг гісторыі са знойдзеным пацучыным ядам у Мінску

Хто і як вырабляў яд для Аляксея Навальнага

Каментары да артыкула