Дызайнерка стварае шыкоўныя інтэр'еры з беларускім каларытам ФОТЫ
Архітэктарка і дызайнерка Ганна Каспяровіч паказвае ў сацсетках, якімі стылёвымі могуць быць інтэр’еры з беларускай эстэтыкай у сучасным прачытанні.
«Сучасны беларускі інтэр’ер нясе ў сабе этнакод. Але ён не крычыць, ня б’е ў вочы, ён ціхенька праходзіць чырвонай нітачкай праз усю прастору», — тлумачыць у блогу Ганна. У яе магістарская ступень у архітэктуры — і гарачая любоў да беларускай культуры і яе візуальных кодаў.
Ганна Каспяровіч. Скрыншот відэа
Не так даўно да яе звярнуліся кліенты, якія маюць ва ўласнасці слуцкі пояс — ад такога каштоўнага экспаната і адштурхоўвалася дызайнерка ў стварэнні новага інтэр’ернага праекта.
Як бачна на рэндарах, пояс мусіць заняць ганаровае месца на сцяне ля лесвіцы.
Тут і далей фота: behance.net/h_kaspiarovich
«Сучасны беларускі інтэр’ер — гэта месца, дзе замест жырандолі пры ўваходзе вісіць саламяны павук, які выконвае сваю функцыю — адпужвае злых духаў на парозе! Дзе ў вышыўцы пераплятаюцца ўзоры родных краёў. Дзе прысутнічаюць творы беларускіх мастакоў і творцаў», — тлумачыць канцэпцыю праекта Ганна.
І сапраўды яна змагла вельмі гарманічна і непапсова ўпісаць у інтэр’ер і арнаментальную вышыўку, і павука, і драўляныя элементы ў прыродных, багатых адценнях і арыгінальных формах.
На сцяне кухні, дарэчы, можна пабачыць карціну аўтарства Ганны Каспяровіч «Карагод»
Сама прырода ў Беларусі і яе ландшафт, фактуры — найлепшыя натхняльнікі ў справе дызайну, лічыць Ганна.
Яшчэ ў адным праекце — ванным пакоі, спалучаным з саунай — Ганна дадала на сцяну здымак беларускай фатографкі Касі Паласаткі, і пакой адразу набыў дадатковую беларускую разыначку.
Акрамя прафесійнай старонкі на Behance, архітэктарка актыўна вядзе свой блог у інстаграме, дзе дзеліцца карыснымі парадамі для тых, хто ўжо робіць ці толькі збіраецца заняцца рамонтам.
А гаспадарам, якія мараць пра функцыянальны дызайн ваннага пакоя, Ганна раіць адмовіцца ад цёмнай пліткі, на якой заўсёды будуць бачныя плямы. А таксама не ўсталёўваць ванную, якая будзе стаяць асобна, калі да яе нельга будзе падысці з усіх бакоў, і накладныя рукамыйнікі, калі вы не вельмі любіце доўга прыбірацца і баіцеся за будучы стан стальніцы тумбы.
Чытайце таксама:
Дызайнер прыдумаў новы беларускі інтэр’ерны стыль — беландзі. Што гэта такое?
Стала вядома, у чым абвінавачваюць архітэктурную студыю ZROBIM architects
Беларусы выкупілі пад Мінскам дзевяць участкаў, каб жыць цеснай кампаніяй.