Новая лідарка Венесуэлы пад кантролем Белага дома правяла чысткі ва ўладзе пасля звяржэння Мадура
У студзені амерыканскі спецназ захапіў прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура. Уладу ўзначаліла ягоная віцэ-прэзідэнтка Дэлсі Радрыгес. Але замест працягу рэвалюцыі, яна пачала ціхую, але жорсткую зачыстку асяроддзя свайго былога патрона — і робіць гэта пад пільным кантролем Белага дома.
Дэлсі Радрыгес. Фота: Jesus Vargas / Getty Images
Як піша The New York Times у сваім расследаванні, у Венесуэле пачалося самае маштабнае за апошнія дзесяцігоддзі пераразмеркаванне ўлады.
Але гэты працэс не мае нічога агульнага з дэмакратызацыяй. Наадварот, былая паплечніца Мадура, якая яшчэ нядаўна выступала з палымянымі антыімперыялістычнымі прамовамі, цяпер ператварылася ў партнёра адміністрацыі Трампа і метадычна знішчае тых, хто яшчэ ўчора трымаў яе рэжым на плаву.
Знішчэнне спадчыны Мадура
Мадура вывезлі ў нью-ёркскую турму публічна і з паказальнай жорсткасцю. Ягоных жа паплечнікаў прыбіраюць паступова і без лішняга шуму.
За апошнія тры месяцы Дэлсі Радрыгес змяніла 17 міністраў, замяніла ваеннае кіраўніцтва і прызначыла новых дыпламатаў. Пад яе кіраўніцтвам былі затрыманыя як мінімум тры алігархі, цесна звязаныя з сям'ёй Мадура, а большасць ягоных сваякоў былі адхіленыя ад нафтавых кантрактаў і пазбаўленыя доступу да дзяржаўных СМІ.
На іх месцы Радрыгес прызначае ўласных лаялістаў або падтрымлівае бізнэсменаў, якія абавязаныя сваім поспехам асабіста ёй. Адначасова яна шырока адчыніла дзверы для амерыканскіх інвестараў у нафтавую і горназдабыўную галіны.
Венесуэльская апазіцыя заяўляе, што замест вяртання да дэмакратыі, Радрыгес проста ўмацоўвае ўласную ўладу. І робіць яна гэта не столькі па ўласнай волі, колькі пад знешнім ціскам.
Кіраванне пад дулам пісталета
Некалькі высокапастаўленых венесуэльскіх чыноўнікаў у размове з The New York Times параўналі кіраванне Дэлсі Радрыгес з «працай з пісталетам ля скроні». Пасля дэманстратыўнага захопу Мадура Белы дом неаднаразова пагражаў Каракасу новым уварваннем, калі новыя лідары адмовяцца ад супрацоўніцтва.
Цяпер Радрыгес выкарыстоўвае гэтую пагрозу як інструмент для расправы з унутранымі канкурэнтамі, якія раней лічыліся недатыкальнымі. Гэта аказалася бяспройгрышнай камбінацыяй для абодвух бакоў: адміністрацыя Трампа зводзіць рахункі з ворагамі, якія гадамі кідалі ёй выклік, а Радрыгес цэментуе сваю ўладу, пазбаўляючыся ад старой гвардыі.
У Белым доме не хаваюць свайго задавальнення. «Мы выдатна супрацоўнічаем з прэзідэнткай Дэлсі Радрыгес, — заявіла прэс-сакратарка Ганна Кэлі. — Нафта пачынае паступаць, і вялікія грошы, якіх не бачылі шмат гадоў, хутка пачнуць вельмі дапамагаць народу Венесуэлы».
Ператварэнне Венесуэлы з галоўнага ворага ЗША ў пратэктарат адбылося настолькі імкліва, што большасць венесуэльцаў дагэтуль не могуць у гэта паверыць. Апытанні паказваюць, што большасць вітае канец 13‑гадовай дыктатуры Мадура, але з такой жа падазронасцю ставіцца да самой Радрыгес, якая ніколі не займала выбарных пасад. Для асяроддзя ж зрынутага прэзідэнта наступілі часы страху і нявызначанасці. Некаторыя былыя паплечнікі Мадура ўжо трапілі пад нагляд спецслужбаў, іншыя імкнуцца не з'яўляцца ў сталіцы і разглядаюць магчымасць уцёкаў з краіны.
Новыя гаспадары і старыя ворагі
Сярод тых, хто прайграў ад падзення Мадура, не толькі яго сваякі і алігархі, але і закаранелыя чавісты — ветэраны сацыялістычнага руху, створанага Уга Чавесам у 1990-я.
Адным з нямногіх, хто адважыўся публічна крытыкаваць Радрыгес, стаў прапагандыст Марыа Сільва. Яго дзяржаўную тэлепраграму закрылі, а ён сам цяпер вымушаны вяшчаць на маргінальных радыёхвалях.
«Чорт, працягвайце выконваць загады грынга, давайце! — абураўся Сільва ў эфіры. — Проста ляжце перад імі і скончыце з гэтым».
Асяроддзе Мадура поўніцца чуткамі пра здраду. Лёгкасць, з якой амерыканцы выкралі прэзідэнта з добра ахоўваемай ваеннай базы, спарадзіла падазрэнні, што яго проста «здалі» тыя, хто атрымаў выгаду ад падзення. Хоць прамых доказаў удзелу Радрыгес у змове няма, той факт, што адміністрацыя Трампа разглядала яе як пераемніцу яшчэ з 2025 года і мела з ёй непрамыя кантакты, толькі падагравае гэтыя падазрэнні.
Чыстка пачалася амаль адразу пасля захопу ўлады. Самы блізкі да Мадура міністр, генерал Уладзімір Падрына Лопес, быў звольнены з пасады міністра абароны. Сын Мадура і пасынак былі адхіленыя ад нафтавых здзелак. Генеральны пракурор Тарэк Уільям Сааб быў звольнены двойчы.
Першай ахвярай з ліку бізнэс-эліты стаў калумбійскі алігарх Алекс Сааб, які зарабіў мільярды на харчовых і нафтавых кантрактах з рэжымам. Цяпер яго лёс, уключаючы магчымую экстрадыцыю ў ЗША, вырашаецца ў перамовах паміж Радрыгес і Вашынгтонам. Падобная доля напаткала і іншых блізкіх да сям'і Мадура бізнэсменаў — Рауля Горына і Уілмера Руперці.
Непатапляльны Дыясдада Кабелья
Аднак ёсць чалавек, якога чысткі абышлі бокам. Гэта міністр унутраных спраў Дыясдада Кабелья, які фактычна кіраваў усім рэпрэсіўным апаратам кіруючай партыі.
Ён знаходзіцца ў вышуку ў ЗША па абвінавачванні ў наркагандлі, і ў мінулым неаднаразова канфліктаваў з Радрыгес. Але яго сувязі з узброенымі праўладнымі групоўкамі робяць яго адначасова і каштоўным саюзнікам, і небяспечнай мішэнню.
Кабелья зрабіў свой выбар. Замест таго, каб кінуць выклік новай уладзе, ён хутка перафарматаваўся з «партыйнага бульдога» ў «патрыятычнага гаранта стабільнасці». На адным з мітынгаў ён публічна заклікаў «суправаджаць нашу сястру Дэлсі» і «цалкам даверыцца здольнасцям, працавітасці і сумленню таварыша Дэлсі».
Такая адаптацыя прынесла плён. Яго сваякі захавалі свае пасады на чале спецслужбаў і падатковай службы, а дачка нават стала новым міністрам турызму.
Большасць жа іншых чыноўнікаў проста выкінулі свой заяўлены антыімперыялізм на сметнік гісторыі дзеля шанцу застацца ва ўладзе.