Ратавальніка з Маладзечна асудзілі па палітычнай справе
Аляксандр Карнацкі цяпер адбывае пакаранне.
Аляксандру Карнацкаму 44 гады. Ён родам з Маладзечанскага раёна, апошні час жыў у вёсцы Асанава. Скончыў маладзечанскую школу №12, а ў 2003‑м — Камандна-інжынерны інстытут МНС (цяпер — Універсітэт грамадзянскай абароны МНС).
Пасля вучобы Карнацкі працаваў інспектарам Маладзечанскага раённага аддзела МНС. У 2008 годзе ён трапіў у навіны, калі каментаваў знаходжанне мабільнага самагоннага завода ў Маладзечанскім раёне: «Адкрыты агонь. Машына магла рвануць у любую хвіліну. Упершыню такое можна ўбачыць». Пазней ён сышоў з дзяржаўнай службы і апошнім часам працаваў у маладзечанскай кампаніі «Фэнстэр-ЛАКСС», якая займаецца вытворчасцю вокнаў ПВХ і мэблі на замову.
Аляксандр любіць кухарыць — ягоны інстаграм цалкам прысвечаны кулінарным эксперыментам. Асабліва любіць стравы на адкрытым полымі. Ён фанат пароды амерыканская акіта і даўно трымае такіх сабак.
У Аляксандра ёсць жонка і непаўналетняя дачка.
Карнацкага арыштавалі напрыканцы ліпеня 2025 года — менавіта тады ён знік з сацсетак. Яго асудзілі ў Мінскім абласным судзе ў 2026 годзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Падобна, пераслед звязаны са справай Гаюна.
Аляксандру прысудзілі «хімію» з накіраваннем ці калонію, бо ў сацсеткі ён так і не вярнуўся.
Чытайце таксама:
Валанцёра пошукавых атрадаў і кіроўцу грузавіка, які раней працаваў у ЗША, асудзілі па справе Гаюна