«Я цяпер у шоку, у дэпрэсіі». Жанчына ўбачыла, што чалавеку кепска, і патэлефанавала ў міліцыю, але рэакцыя была нечаканай
Днямі жыхарка Фаніпаля трапіла ў непрыемную сітуацыю. Раніцай па дарозе на працу яна ўбачыла на вуліцы пажылога мужчыну, які не мог стаяць на нагах. Жанчына патэлефанавала ў міліцыю і папрасіла дапамагчы чалавеку. Пазней, з яе словаў, з ёй звязаўся ўчастковы і прыгразіў штрафам за падманны выклік. Пра тое, што адбываецца, неабыякавая беларуска расказала ў сваім TikTok. Выданне «Люстэрка» вырашыла высветліць, ці мае рацыю ўчастковы і ці можам мы выклікаць міліцыю, калі яна сапраўды патрэбная.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Lookby.media
Свой TikTok жыхарка Фаніпаля вядзе пад адпаведным сітуацыі нікам — Добрая фея. У відэа жанчына расказала, што ў 05.50 раніцы спяшалася на працу. На адной з вуліц яна заўважыла бездапаможнага чалавека, які поўз.
«Спалохалася, думала, сабака. Але падышла, убачыла, што гэта дзед, — апісвае тое, што адбылося, неабыякавая блогерка. — Спыталася, хто ён, ён нічога не памятае. Падняла на ногі, трымаецца кепска. Разгубілася і выклікала міліцыю. Бо ў любым выпадку міліцыя мусіць аказаць дапамогу і выклікаць хуткую».
На выклік дзяжурная 102 адрэагавала. Чакаць нарад у жанчыны не было часу: яна спяшалася на электрычку. Але з міліцыі ёй адзваніліся, паведамілі, што чалавека знайшлі. Крыху пазней, працягвае аўтарка роліка, яе набраў участковы.
«І ён на мяне проста нахабна наляцеў: чаму я не выклікала хуткую, дзе я яго (гаворка пра пажылога мужчыну. — Заўв. «Люстэрка») знайшла? Сказаў: «Я займаюся крымінальнымі справамі», — апісвае тую размову жыхарка Фаніпаля. —
Значыць, я, паводле ўчастковага, няправільна зрабіла як грамадзянка сваёй рэспублікі, якая не пабаялася ў цемры, што на мяне нападуць. Паглядзела, хто гэта, што гэта. Можа, гэта быў бы нейкі маньяк, забойца, наркаман…
Я аказала дапамогу і выклікала міліцыю. Ён стаяў, у яго дэменцыя, відаць, памяці няма. Чалавек выйшаў з дому і згубіўся, чалавеку пад 80 гадоў. Ён (участковы. — «Люстэрка») да мяне ўвечары прыедзе, і я мушу яшчэ нейкі штраф за падманны выклік везці».
Рэакцыя супрацоўніка міліцыі жанчыну шакавала.
«Я цяпер у шоку, у дэпрэсіі, я не ведаю… Адпрошвацца з працы, ехаць [у міліцыю]… — з хваляваннем у голасе кажа на відэа яна. — Я здзейсніла ўчынак. Чалавек бы, можа, паляжаў яшчэ гадзіну, замерз або сэрца спынілася».
Назаўтра жанчына выклала яшчэ адзін ролік, у якім расказала, чым скончылася сустрэча з міліцыянтам. Па яе словах, супрацоўнік прыйшоў у той жа самы вечар. Ён хацеў узяць тлумачальную, дзе і калі неабыякавая грамадзянка знайшла пажылога чалавека. Гэта быў не той мужчына, што ёй тэлефанаваў.
«Ён папрасіў прабачэння за супрацоўніка міліцыі, ні імені, ні прозвішча якога не назваў, — расказвае блогерка. — Проста папрасіў нумар тэлефона таго, хто мне тэлефанаваў».
Ён таксама паведаміў, што пажылы мужчына быў цвярозы. Яго даставілі ў аддзяленне і выклікалі хуткую.
«Я так разумею, у таго чалавека, які крычаў на мяне раніцай, не хапіла сумлення прыйсці, узяць у мяне тлумачэнне, — разважае жанчына. — Замест яго прыйшоў вельмі ветлівы хлопец. Патлумачыў, [як варта было зрабіць], папрасіў прабачэння за калегу. Я паказала званкі, як выклікала 102, як мне ператэлефаноўвалі».
«Участковы абсалютна не мае рацыі»
Каб зразумець, ці маглі неабыякавую жыхарку Фаніпаля прыцягнуць да адказнасці за падманны выклік, «Люстэрка» звярнулася да Святланы Галаўнёвай, юрысткі праваабарончай арганізацыі «Вясна».
Яна нагадала, што ў Беларусі дзейнічае некалькі нумароў экстранных службаў. Напрыклад, 101 — пажарнікі, 102 — міліцыя, 103 — хуткая дапамога. Ёсць і ўніверсальныя тры лічбы — 112, але іх у стрэсавай сітуацыі памятаюць не ўсе, адзначае суразмоўца.
«Калі чалавек у экстраннай сітуацыі набірае не ў профільную службу, а туды, чый нумар успомніў, то гэта нармальная сітуацыя і дакладна не парушэнне, — тлумачыць Святлана. — У гэтым выпадку дыспетчары, якія працуюць на кароткіх нумарах, мусяць самі перадаць інфармацыю калегам альбо пераключыць на іх таго, хто тэлефануе».
Суразмоўца кажа, што ў Беларусі сапраўды ёсць адміністрацыйная адказнасць за заведама падманнае паведамленне — арт. 19.6 КаАП.
«Яно гучыць так: «Заведама падманнае паведамленне, якое прывяло да прыняцця мер рэагавання экстраннымі службамі». У гэтай фармулёўцы самае галоўнае словазлучэнне — «заведама падманнае». Што гэта значыць? Што чалавек загадзя ведае: тое, што ён паведамляе, — няпраўда, — спыняецца на дэталях суразмоўца. — А калі ты паведамляеш дакладную інфармацыю, але не зусім туды, гэта нельга назваць заведама падманным паведамленнем».
Ёсць у КаАП і арт. 19.1 (Дробнае хуліганства).
«Ён даволі шырокі, бо пад хуліганства можна падцягнуць што хочаш. У выпадках са званкамі ў экстранныя службы ён хутчэй дапасуецца тады, калі, дапусцім, дзеці набіраюць і гарэзяць, — прыводзіць прыклад юрыстка. — А калі чалавек разгубіўся і патэлефанаваў не туды — гэта не хуліганства».
Святлана Галаўнёва таксама звяртае ўвагу на «Інструкцыю аб парадку прыёму паведамленняў», зацверджаную МУС, і на арт. 22 Закона «Пра органы ўнутраных спраў». З іх вынікае, што міліцыя абавязаная прыняць інфармацыю пра здарэнні, нават калі гэта не яе кампетэнцыя. У гэтым выпадку паведамленне мусяць перадаць «ва ўпаўнаважаны орган».
«Участковы, які прыгразіў жанчыне штрафам, абсалютна не мае рацыі. Думаю, гэта ў яго такая рэакцыя на стрэсавую сітуацыю. Ніякай адказнасцю тут не мусіць пагражаць, — каментуе юрыстка выпадак з Фаніпаля. — Праца ўсіх надзвычайных службаў ўзаемазлучаная. Калі ў паніцы чалавек хоць нейкі нумар успомніць і патэлефануе, то добра. А там ужо спецыялісты разбяруцца, дзе чыя кампетэнцыя».
Чытайце таксама:
У Мінску жанчына паверыла махлярам, а не ChatGPT
«Праца дысцыплінуе». Былых зняволеных адправілі збіраць камяні
У Пружанах са стралянінай затрымлівалі кіроўцу без правоў
Ушчэнт п’яны жыхар Шуміліна выхапіў у міліцыянера пісталет і спрабаваў стрэліць яму ў галаву