БЕЛ Ł РУС

Андрэева: Калеснікаву купілі за «Беларуськалій», мяне за зняццё санкцый з банкаў. Калі б санкцый не было, за што б нас куплялі?

23.04.2026 / 21:34

Nashaniva.com

У сваім першым вялікім інтэр'ю пасля вызвалення журналістка «Белсата» Кацярына Андрэева выказала сваё меркаванне адносна «дыялогу» з Лукашэнкам, за які выступае Марыя Калеснікава.

Кацярына Андрэева. Скрын відэа: belsat_life / YouTube

Былая палітзняволеная Кацярына Андрэева ў праграме «Мне толькі спытаць» адзначыла, што дыялог з афіцыйным Мінскам — гэта не новая з’ява, прынамсі для Злучаных Штатаў.

«Дыялог ёсць у амерыканцаў у любым разе, бо калі яны прылятаюць у Мінск, яны сядаюць за стол перамоў. І насупраць іх сядзіць старшыня КДБ. І Лукашэнка сядзіць з імі ўсімі за адным сталом», — падкрэсліла яна.

Каментуючы пазіцыю Марыі Калеснікавай, якая заклікае Еўропу пайсці на падобны крок, Андрэева задаецца пытаннем пра мэту і сродкі такога ўзаемадзеяння.

Журналістка перакананая: адзінае, што прымушае ўлады ісці на саступкі і вызваляць палітвязняў — гэта эканамічныя страты ад санкцый. Яна адкрыта называе працэс вызвалення «купляй».

«Нам трэба ўсім разумець, вельмі добра і ясна ўсведамляць, што калі б не было санкцый, не было б чым таргавацца. Ну вось, Машу купілі за «Беларуськалій». Вось мяне купілі за калій, зняцце санкцый з банкаў, і нейкія яшчэ, магчыма, дамоўленасці, якія проста не выносілі амерыканцы ў публічны трэк», —

заўважае Андрэева і даводзіць, што спадзявацца на маральныя якасці прадстаўнікоў рэжыму пасля гадоў жорсткасці бессэнсоўна: 

«Калі б гэтага не было, а за што б нас куплялі? Разлічваць на жэст добрай волі? На гуманізм? Чалавечнасць? На што можна разлічваць пасля пяці гадоў проста татальных, татальных рэпрэсій?»

У такіх умовах, на думку Андрэевай, той прагматычны падыход, што дэманструе Дональд Трамп, — адзіная магчымасць «падабрацца да Лукашэнкі, пасадзіць яго за стол» і прапанаваць здзелку, улічваючы, што эканоміка Беларусі моцна пацярпела ад санкцый.

«Я бачу, што яны сапраўды пацярпелі ад санкцый, якія былі ўведзеныя праз іхнія ж учынкі: праз затрыманне людзей, праз тое, што Беларусь стала плацдармам для ўвядзення расійскіх войскаў у 22‑м годзе, праз саўдзел у гэтай агрэсіі. Немагчыма было б за штосьці іншае таргавацца. Якія яна [Амерыка] опцыі можа прапанаваць? Проста сесці за стол? Без папярэдніх умоў?» — лічыць былая палітзняволеная.

Чытайце таксама:

Коўл Лукашэнку: Табе трэба быць больш асцярожным, за сталом кепскіх пацаноў застаўся адзін ты

«Працуем над гэтай мэтай». Джон Коўл адказаў на ліст Кацярыны Андрэевай

Любыя спробы нармалізаваць адносіны з Лукашэнкам будуць упірацца ў адну вялікую праблему

Каментары да артыкула