Эканоміка1212

Да чаго прывядзе зняцце санкцый ЗША з калію і банкаў

Пасля чарговага візіту спецпасланніка ЗША па Беларусі Джона Коўла ў Мінск Лукашэнка выпусціў 250 палітычных зняволеных, а ЗША знялі частку санкцый. Пагаварылі з экспертам пра тое, што гэта азначае для беларускай эканомікі і чаму тут важная пазіцыя Літвы.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Санкцыі знялі, што далей?

26 сакавіка 2026 года Міністэрства фінансаў ЗША афіцыйна абвясціла аб выключэнні са свайго санкцыйнага спісу «Беларуськалія» і «Беларускай калійнай кампаніі», Белінвестбанка і некаторых іншых структур. Таксама адменена дырэктыва, якая раней абмяжоўвала працу Міністэрства фінансаў Беларусі і Банка развіцця, у тым ліку па аперацыях з дзяржаўнымі даўгамі і фінансавымі інструментамі.

Пра зацікаўленасць ЗША ў беларускім каліі днямі казаў Джон Коўл.

На думку эксперта BEROC Настассі Лузгіной, гэта зацікаўленасць можа падагравацца эканамічнымі супярэчнасцямі з Канадай, якая з'яўляецца важным пастаўшчыком калійных угнаенняў у ЗША. Такім чынам, Трамп можа дыверсіфікаваць пастаўкі і заадно атрымаць угнаенні па больш нізкіх цэнах.

Пры гэтым важна разумець, што раней доля ЗША ў экспарце беларускага калію была невялікай. Па выніках 2019‑2020 гадоў на Штаты прыходзілася ўсяго каля 4-4,5% экспарту «Беларуськалія».

Аднак не выключана, што праз складаныя стасункі з Канадай ЗША могуць імкнуцца павялічыць аб'ёмы паставак з Беларусі.

«Зняўшы санкцыі з беларускага калію, Штаты могуць разлічваць на атрыманне ўгнаенняў па прывабных цэнах, бо Еўрасаюз, на які раней прыходзілася не менш за траціну экспарту, здымаць санкцыі пакуль не плануе.

Тым не менш у пытанні зняцця санкцый важнае месца займае Літва, якая не прапускае беларускі калій праз свой порт, паколькі дзейнічаюць санкцыі».

Наколькі важны літоўскі чыннік?

Калі немагчыма выкарыстоўваць порт Клайпеды, Штатам складана дастаўляць угнаенні, тым больш з улікам канфлікту ў Іране, які выклікаў праблемы з праходжаннем Армузскага праліва. Таму партовае пытанне застаецца вельмі важным.

Таксама эксперт звяртае ўвагу на тое, што ўлады казалі пра гатоўнасць да ўгоды па продажы беларускага рудніка амерыканцам.

Джон Коўл і Аляксандр Лукашэнка. Фота: АР

«Прынамсі, у Беларусі заявілі аб магчымасці такой здзелкі. Калі гэта адбудзецца, то ў такім выпадку гэта азначае, што амерыканцы таксама павінны мець магчымасці транспартаваць калій праз нейкія парты», — адзначае Лузгіна.

Акрамя таго, аднаўленне паставак праз Клайпеду азначала б больш простую, хуткую і зручную лагістыку пры пастаўках не толькі ў ЗША, але і ў іншыя краіны.

ЗША ціснуць на Літву?

Коўл адкрыта заклікае Вільню да дыялогу з беларускім рэжымам, пра што ён казаў у інтэрв'ю LRT.

На заклікі амерыканскага боку ўжо адрэагавалі прэзідэнт і прэм'ер Літвы.

Гітанас Наўседа заявіў, што дыялог паміж краінамі магчымы толькі тады, калі «іншы бок дэманструе добрую волю да развіцця добрасуседскіх адносін». Аднак цяпер ён такой «добрай волі» з боку Беларусі не бачыць.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і Святлана Ціханоўская. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Прэм'ер Літвы Інга Ругінене заявіла, што Літва разгледзіць прапанову Джона Коўла правесці сустрэчу з Беларуссю на ўзроўні віцэ-міністраў, аднак для гэтага існуюць некалькі ўмоў.

Таму ці зможа калій пастаўляцца праз Літву — пытанне складанае.

Лукашэнка ўжо ў плюсе

Настасся Лузгіна лічыць, што нават калі пастаўляць калій праз Клайпеду не атрымаецца, поўнае зняцце амерыканскіх санкцый з беларускага калію ўсё роўна пазітыўна адаб'ецца як на працы прадпрыемства, так і на беларускім экспарце агулам.

«Пакуль беларускі калій быў пад амерыканскімі санкцыямі, гэта таксама ўплывала на ўзаемаадносіны з іншымі краінамі, якія маглі адмаўляцца ад набыцця беларускай прадукцыі альбо рабілі гэта з вялікім дысконтам, баючыся санкцый з боку ЗША.

Таму іх зняцце можа паўплываць на рост адпускных цэн, паколькі не будзе патрэбы даваць зніжку, бо ўсе аперацыі будуць праходзіць легальна і ў пакупнікоў не будзе боязі трапіць пад другасныя санкцыі.

Нават калі пастаўляць праз Клайпеду не атрымаецца, адсутнасць амерыканскіх санкцый як мінімум пазітыўна паўплывае на гандаль з іншымі краінамі. У тым ліку ў «Беларуськалія» з'явіцца магчымасць праводзіць плацяжы ў далярах ЗША», — тлумачыць эксперт.

Чаму знялі санкцыі з Белінвестбанка?

Каментуючы зняцце санкцый з Белінвестбанка, Лузгіна звяртае ўвагу, што, паколькі ён пад санкцыямі ЕС і адключаны ад SWIFT, праводзіць праз яго плацяжы з тымі ж Штатамі застаецца складанай задачай.

«Пры вялікім жаданні можна абысціся без SWIFT, але для гэтага неабходна, каб Белінвестбанк дамовіўся з іншым банкам у ЗША аб тым, што яны будуць супрацоўнічаць наўпрост без SWIFT. Але гэта досыць складаны і працяглы працэс, які патрабуе перамоваў, інвестыцый у абсталяванне і некалькі месяцаў часу», — тлумачыць эксперт.

Зняцце санкцый з Белінвестбанка Лузгіна не звязвае з жаданнем ЗША у будучыні разлічвацца праз яго за той жа калій.

«Верагодна, Беларусь папрасіла вывесці гэты банк з-пад санкцый дзеля магчымасці выкарыстання даляраў пры працы з іншымі краінамі, напрыклад з Кітаем».

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Што тычыцца магчымых разлікаў ЗША з Беларуссю, то, на думку эканаміста, краіны для гэтага могуць выкарыстоўваць іншыя беларускія банкі, якія не адключаныя ад SWIFT.

Іранскі фактар

Кажучы пра перспектывы беларускіх угнаенняў, не толькі калійных, але і азотных, трэба адзначыць важны фактар канфлікту ў Іране.

Паколькі праблемы з перасячэннем праліва закранаюць не толькі пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў, але і ўгнаенняў.

«Дзеянні Трампа паказваюць, што дзеля рэгулявання сусветных цэн і захавання балансу ў сусветнай эканоміцы ЗША гатовыя хоць і часова, але ўсё ж здымаць санкцыі з расійскай і нават з іранскай нафты. Цяпер яны такім жа чынам спрабуюць рэгуляваць рынак калію, каб цэны моцна не раслі і ўгнаенні былі ў дастатковай колькасці.

Угнаенні патрэбныя сельскай гаспадарцы. Калі іх будзе недастаткова, могуць узнікнуць іншыя ланцужкі праблем, мы можам сутыкнуцца з ростам цэн і дэфіцытам некаторых прадуктаў», — звяртае ўвагу эксперт.

Які вынік мелі санкцыі?

З-за санкцый з боку ЕС і ЗША доля беларускага калію на сусветным рынку скарацілася з 20% у дасанкцыйны перыяд да каля 6% па стане на 2024 год. Гэтыя лічбы выразна адлюстроўваюць, наколькі балючымі былі абмежаванні ў дачыненні да беларускага калію.

Каментары12

  • каб
    30.03.2026
    каб насаліць канадзе, зша гэта з каліем і зацеялі
  • Яфрэйтар
    30.03.2026
    Ботам, Канешне не спрацуе. ЭЗ і Літва ў прыватнасьці вельмі прынцыповыя ў пытаннях дэмакратыі. Гаманцы і сваякі дыктатараў туды ні нагою, бізнэсаў і жылля ня маюць, санкцыі па ім моцна б'юць, асабліва калі яны спрабуюць адчыніць банкаўскія рахункі.
  • Indrid Cold
    30.03.2026
    Ботам, генераваныя праз ШІ фатаздымкі будуць у Truth Social

Цяпер чытаюць

Яшчэ адзін беларус з выдуманай біяграфіяй трапіў пад лупу польскіх расследавальнікаў17

Яшчэ адзін беларус з выдуманай біяграфіяй трапіў пад лупу польскіх расследавальнікаў

Усе навіны →
Усе навіны

Малады магілёвец касіў ад войска на радзіме, а ў выніку пайшоў ваяваць за Расію і знік. Маці спадзяецца, што хаця б у палоне8

Ціханоўская: Мы заклікаем ЗША не ціснуць на Літву наконт санкцый26

Маскве ўдалося прарваць марскую блакаду Кубы. Чаму Вашынгтон не перахапіў расійскі танкер?10

У Вільні каля Сейма Літвы ўзнялі бел-чырвона-белы сцяг як знак салідарнасці з Беларуссю5

Губарэвіч спрабуе ўзяць Бабарыку на слабо: «Ёсць апасенні, што не атрымаецца пераадолець прахадны бар’ер на выбарах у КР?»21

«Калі ты знаходзішся сам-насам з сабой, хочацца расплакацца, успамінаючы ўсё». Ірына Шчасная пра жыццё на волі і валанцёрства ва Украіне1

Прадпрымальнік, звязаны з атачэннем Лукашэнкі, валодае адным з самых дарагіх рэстаранаў у Вільні і гатэлем у Троках4

Дашкевіч чакае ад Бабарыкі і Калеснікавай публічнага прызнання памылак25

Калі вы працуеце ў Польшчы, то можаце за хвіліну падтрымаць «Нашу Ніву» 1,5% падаходнага, не патраціўшы ані гроша. Вось як14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Яшчэ адзін беларус з выдуманай біяграфіяй трапіў пад лупу польскіх расследавальнікаў17

Яшчэ адзін беларус з выдуманай біяграфіяй трапіў пад лупу польскіх расследавальнікаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць