БЕЛ Ł РУС

Археолагі расказалі, як раскопваюць Сінагагальны двор у Ізабеліне

24.04.2026 / 20:33

Nashaniva.com

Працягваюцца археалагічныя даследаванні мястэчка Ізабелін у Ваўкавыскім раёне, паведамляе Інстытут гісторыі НАНБ. У канцы мінулага года там выявілі падмуркі невядомай пабудовы. Як аказалася, гэта былі канструкцыі так званай «Кляйнэ Шуль» — малой сінагогі Ізабеліна, узведзенай у 80‑х гадах XVIII стагоддзя.

У сувязі з рэстаўрацыйнай працай патрабуецца археалагічны нагляд за землянымі даследаваннямі на аб’екце, які робіць вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алег Дзярновіч.

У новым сезоне выявілі масіўную лінію каменнага падмурка каля дарогі ў цэнтры мястэчка. Гэта агароджа Сінагагальнага двара Ізабеліна, што дазваляе акрэсліць параметры гэтай канфесійна-карпаратыўнай структуры XVIII — першай паловы XX стагоддзя ў цэнтры мястэчка.

Акрамя таго, была знойдзена цікавая калекцыя артэфактаў, у тым ліку набор «дывановай» кафлі з геаметрычным арнаментам ад печкі XVII стагоддзя, што сведчыць пра наяўнасць пабудоў у гэтым месцы ў адзначаны перыяд. Пра актыўную гандлёвую дзейнасць у мястэчку сведчыць і знаходка шкляной пломбы ад бутэлькі (кварты) джыну XVIII стагоддзя, магчыма контрафактнай, з кляймом «LOND(O)N».

Далейшыя даследаванні, а таксама захаванне і магчымае дэманстраванне аб’екта магчымыя толькі ў межах усяго комплексу Сінагагальнага двара XVIII — першай паловы XX стст., гістарычна ўтворанага ва ўсходняй частцы Галоўнай (Рынкавай) плошчы Ізабеліна.

Чытайце таксама:

Падчас рэстаўрацыі сінагогі ў Ваўкавыскім раёне знайшлі падмурак невядомага будынка

У Ізабеліне аднаўляюць сінагогу, пабудаваную ў часы Вялікага Княства Літоўскага

У Літве апублікавалі шэраг архіўных спраў з фотаздымкамі Яна Булгака

На Новым замку ў Гродне адшукалі падмуркі старажытнага храма, падобнага па архітэктуры да Каложы

Каментары да артыкула