БЕЛ Ł РУС

У Маскве раптам з'явілася магіла балерыны Плісецкай і кампазітара Шчадрына, хоць самі яны яе не хацелі

24.04.2026 / 23:10

Nashaniva.com

Славутая расійская балерына Мая Плісецкая хацела, каб пасля смерці яе самой і яе мужа, кампазітара Радзівона Шчадрына, абодвух крэміравалі, змяшалі прах і развеялі яго над ракой Ака. Нібыта так урэшце і адбылося. Аднак днямі высветлілася, што частку праху ўсё ж пакінулі і пахавалі на Новадзявочых могілках у Маскве. Пры гэтым пра гэта не ведалі нават сваякі.

Радзівон Шчадрын і Мая Плісецкая

Пахаванне прайшло непублічна, і пра гэта не паведамілі нават блізкім. Па словах журналіста і тэатральнага крытыка Сяргея Нікалаевіча, пра факт пахавання праху не ведаў нават брат балерыны. Сваякі даведаліся пра магілу выпадкова — калі адзін з іх апынуўся на гэтых прэстыжных могілках па іншай справе.

Пры гэтым ёсць інфармацыя, што на закрытай цырымоніі прысутнічалі асобныя расійскія ўплывовыя асобы, у прыватнасці кіраўнік Вялікага тэатра Валерый Гергіеў і былая высокая чыноўніца Вольга Галадзец.

Чаму так адбылося, сказаць дакладна пакуль цяжка. Раней было вядома, што сужэнцы, якія пражылі ў шлюбе 57 гадоў, пакінулі сумесны тэстамент, дзе пазначылі сваю апошнюю волю:

«Целы нашыя пасля смерці спаліць, а калі настане сумная гадзіна сыходу, наш прах злучыць разам і развеяць над Расіяй».

Мая Плісецкая не любіла пахавальных рытуалаў, не была рэлігійным чалавекам і ідэя аб развейванні праху належала ёй. Не выключана, аднак, што Радзівон Шчадрын, які перажыў жонку на 10 гадоў і памёр у жніўні мінулага года, мог змяніць напрыканцы жыцця ранейшае рашэнне. Але застаецца незразумелым, чаму тады ўсё было зроблена ў такой таямніцы.

89‑гадовая Майя Плісецкая пайшла з жыцця ў маі 2015 года ад сардэчнага прыступу. Радзівон Шчадрын памёр у жніўні 2025 года на 93‑м годзе жыцця. 

Чытайце таксама:

Прах балерыны Плісецкай і кампазітара Шчадрына развеялі над Акой

Памёр вядомы расійскі кампазітар Радзівон Шчадрын

Развітанне з Майяй Плісецкай пройдзе ў Германіі, яе прах развеюць над Расіяй

Каментары да артыкула