БЕЛ Ł РУС

Арнітолагі развянчалі стары як свет міф пра зязюль

25.04.2026 / 17:10

Nashaniva.com

Яшчэ з антычных часоў лічылася, што зязюлі пераносяць свае яйкі ў дзюбе і так падкідаюць іх у гнёзды іншых птушак. Аднак новае даследаванне паказала, што гэта не так. Навукоўцы змаглі ўпершыню непасрэдна зафіксаваць на відэа, як гэтыя птушкі сапраўды адкладаюць яйкі, піша выданне Phys.org.

Фота: vecteezy.com

Даследаванне, вынікі якога былі апублікаваныя ў часопісе Animal Behaviour, праводзіла міжнародная група арнітолагаў пад кіраўніцтвам Роберта Томсана ў Кейптаўнскага ўніверсітэта (ПАР) і Томаша Грыма з Астраўскага ўніверсітэта (Чэхія). Яны назіралі за паводзінамі зязюль у Фінляндыі на працягу некалькіх сезонаў і зафіксавалі больш за 60 выпадкаў адкладання імі яек.

Асаблівасць у тым, што зязюлі сапраўды падкідаюць яйкі ў гнёзды іншых птушак, напрыклад тых, якія жывуць у дуплах дрэў. Але пры гэтым яны выкарыстоўваюць дзве розныя стратэгіі, сярод якіх няма прыносу яек на месца ў дзюбе.

У адных выпадках самка адкладае яйка проста каля ўваходу ў гняздо, пасля «закідаючы» яго ўсярэдзіну. У іншых — залазіць у дупло і адкладае яйка непасрэдна ўнутры.

Кожны спосаб мае свае плюсы і мінусы. Калі адкладаць звонку — меншая рызыка апынуцца ў пастцы, але можна прамахнуцца. Калі залазіць усярэдзіну — яйка трапляе дакладна куды яму трэба, але для птушкі ёсць небяспека захраснуць у дупле або пашкодзіць гняздо.

Галоўная выснова даследавання — зязюлі не пераносяць яйкі ў дзюбе, а адкладаюць іх адразу ў гняздо птушкі-гаспадыні. Ранейшы міф жыў тысячагоддзямі, бо назіраць за паводзінамі зязюль было вельмі складана.

Навукоўцы адзначаюць, што іх адкрыццё дапамагае лепш зразумець, як розныя віды прыстасоўваюцца адзін да аднаго ў прыродзе, і сведчыць, што нават у нібыта добра вывучаных жывёл могуць адкрывацца нечаканыя асаблівасці паводзін.

Чытайце таксама:

Рысь, якая гуляе, мядзведзь і фламінга на фоне правадоў. За каго галасавалі гледачы на конкурсе «Фатограф дзікай прыроды года»

«Я называю іх «маленькія Рабавы». Як паўліны пад Мінскам прадказваюць надвор'е

Кляшчы — іх улюбёная ежа. Навукоўцы пацвердзілі эфектыўнасць гэтых птушак у змаганні з небяспечнымі насякомымі

Вясновыя суботнікі на берагах: што з імі не так?

Імператарскага пінгвіна і антарктычнага марскога коціка прызналі відамі пад пагрозай знікнення

Каментары да артыкула