БЕЛ Ł РУС

Бяляцкі: Санкцыі здымаць не пара, пакуль ідзе вайна і працягваюцца рэпрэсіі

25.04.2026 / 20:46

Nashaniva.com

Нобелеўскі лаўрэат і былы палітзняволены Алесь Бяляцкі правёў сустрэчу з беларусамі ў Вільні. Сабралася поўная зала, паводле ацэнак, прыйшлі яго паслухаць больш за 150 чалавек. 

Алесь Бяляцкі падчас сустрэчы. Фота: «Вясна»

Сярод пытанняў, якія былі зададзеныя Алесю Бяляцкаму, было пытанне пра санкцыі, накладзеныя на рэжым Лукашэнкі за розныя правіны з 2020 года. Можа, іх пара ўжо здымаць? Але Бяляцкі не лічыць, што гэты час акурат цяпер ужо настаў:

«Санкцыі — гэта той рычаг, на які ўлады звяртаюць увагу. Гэта адзінае, што прымусіла іх адпусціць нас.

Лукашэнку абсалютна ўсё роўна, колькі чалавек сядзіць, маральна ён нармальна сябе адчувае, чалавек з пэўнымі садысцкімі схільнасцямі. Сядзіць чалавек, мучаецца — ну і нармальна. Яму, наадварот, гэта падабаецца, ловіць ад гэтага нейкі кайф. 

Таму санкцыі — гэта нармальны рычаг, які вымушае беларускія ўлады ісці на гэтыя перамовы. І адмяняць гэтыя санкцыі яшчэ рана. Па-першае, яшчэ не скончылася вайна з Украінай, і Беларусь актыўна ўдзельнічае ў гэтай вайне. Па-другое, таму што не спыніліся рэпрэсіі.

Па-трэцяе, мы зараз туды вярнуцца не можам, бо там выпаленая зямля.

Ты вернешся, і заўтра зноў паедзеш туды, куды Статкевіча адпраўлялі пасля таго, як ён адмовіўся выязджаць. 

Таму нам трэба дабівацца шырокіх зменаў, якія дазволілі б разрадзіць сітуацыю і вярнуцца і грамадскім актывістам, і журналістам, і грамадскім арганізацыям — усім тым, хто хоча. Вось гэта наша задача». 

Падчас сустрэчы. Фота: «Вясна»

Таксама ён адзначыў, што Нобелеўская прэмія міру, якую ён атрымаў у 2022 годзе, насамрэч належыць не яму асабіста, а ўсім беларусам, якія змагаюцца за дэмакратычныя перамены.

«Я буду імкнуцца, што я зараз і раблю, выкарыстаць яе для збірання падтрымкі і дэмакратычных сіл беларусаў, і будучых дэмакратычных зменаў, у якія я веру».

Чытайце таксама:

Алесь Бяляцкі сустрэўся з прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім

Праваабарончы цэнтр «Вясна» адкрыў дадатковы офіс у Варшаве

Бяляцкі: «Трэба выдаваць кнігі на беларускай мове. Па-руску кнігі трэба выдаваць у Расіі». Фядута абурыўся

Бяляцкі расказаў пра адзіны ліст ад дзяржорганаў, дзе яму паведамілі пра Нобелеўскую прэмію — ад падатковай

Бяляцкі: Уся Беларусь — вялікая турма

Каментары да артыкула