БЕЛ Ł РУС

Пастаўскі малочны завод патлумачыў, чаму піша ганебную «Белоруссию» на сваіх пачках

26.04.2026 / 11:32

Міра Нікановіч

Карыстальніца твітара апублікавала фота ўпакоўкі масла ад Пастаўскага завода, дзе напісана «сделано в Белоруссии». І пакуль каментатары абмяркоўвалі, ці не фэйк гэта, адзін беларус дабіўся тлумачэнняў ад завода.

Фота: Lozanna_na_Obi / X

У твітары завірусілася фота ўпакоўкі масла, якое запосціла карыстальніца пад нікам Lozanna_na_Obi. На абгортцы напісана «Сделано в Белоруссии».

Жанчына, якая гэта апублікавала, сама здзівілася знаходцы:

«Знайшла ў халадзільніку беларускае масла, і вы не паверыце…».

Каментатары ёй насамрэч не паверылі. Жанчына ўдакладніла, што яна сама заўжды выкарыстоўвае слова «Беларусь», а не «Белоруссия», проста яе здзівіла, што беларускі завод сам выкарыстаў слова «Белоруссия».

Але ж яе запэўнівалі, што беларускае масла ў такой упакоўцы быць не можа:

«Зроблена ў мыцішчанскім гаражы».

«У РБ няма такога масла. Чарговы кантрафакт, зроблены ў падвале».

«Толькі рускія могуць напісаць такое на масле».

Тым не менш масла насамрэч аказалася беларускім. Карыстальнік пад нікам le_xeyka напісаў у Пастаўскі малочны завод і спытаў, ці тое масла вырабленае ў Паставах. І на заводзе прызналі сваю прадукцыю.

Беларусу патлумачылі, што масла вырабленае па замове расійскай сеткі гандлёвых крам «Манетка» як уласны брэнд той сеткі:

«На ўпакоўцы надпіс мае месца быць, гэта не забаронена нічым і нікім, хаця асабіста нам гэта слых рэжа вельмі. Але, як кажуць, хто плаціць, той і замаўляе музыку. Менавіта такі надпіс — гэта патрабаванне замоўцы».

На заводзе таксама ўдакладнілі, што супрацоўнічаюць з «Манеткай» ужо больш за 10 гадоў. Усё графічнае рашэнне ўпакоўкі належыць замоўцы, то-бок расіяне — аўтары ўсяго дызайну той абгорткі.

Чытайце таксама:

Праўладная спявачка праспявала на хакейным матчы «Белоруссія» — і атрымала заслужаную тону хейту

«Калі назваў цану за кватэру не ў далярах». Беларусы посцяць мемы пра тое, якія дробязі выдаюць несапраўдных беларусаў

Лінгвіст расказаў расійскай аўдыторыі пра ментальнасць беларусаў з дапамогай дванаццаці слоў. Не ўсе з іх літаратурныя

Каментары да артыкула