БЕЛ Ł РУС

Літоўскія сілавікі раскрылі падрабязнасці пра падрыхтоўку палітычных забойстваў у Літве. Удзельнічалі і беларусы

27.04.2026 / 21:09

Nashaniva.com

Літоўская крымінальная паліцыя і Генеральная пракуратура паведамілі некаторыя падрабязнасці пра раскрыццё маштабнай міжнароднай злачыннай схемы, у межах якой рыхтаваліся забойствы двух чалавек у Літве, а таксама іншыя дзеянні тэрарыстычнага характару.

Вільня. Здымак ілюстрацыйны. Фота: Getty Images / Pavel Tochinsky

Усё пачалося ў пачатку 2025 года, калі грамадзянін Расіі, які пастаянна жыве ў Літве (яго імя не называецца, але раней стала вядома, што гэта башкірскі актывіст Руслан Габасаў), звярнуўся ў паліцыю пасля таго, як знайшоў у сваёй машыне схаваную прыладу для сачэння. Пасля праверкі высветлілася, што за чалавекам сапраўды назіралі, а яго жыццю пагражала рэальная небяспека.

Падчас далейшага расследавання супрацоўнікі крымінальнай паліцыі выявілі, што рыхтуецца не толькі яго забойства, але і напад на грамадзяніна Літвы (раней называлася імя актывіста Валдаса Барткявічуса, які арганізуе дапамогу Украіне і вядомы сваімі часам экстравагантнымі паводзінамі). Следства лічыць, што абедзве асобы былі выбраныя мэтанакіравана з-за іх палітычных поглядаў і дзейнасці.

Паводле даных следства, з лета 2024 года ўдзельнікі групы збіралі інфармацыю пра будучых ахвяр: месцы пражывання, перамяшчэнні, лад жыцця, месцы працы і іншыя даныя. Для гэтага выкарыстоўваліся тэхнічныя сродкі назірання і тайнае сачэнне.

Да схемы, як сцвярджае следства, былі датычныя грамадзяне некалькіх краін: Расіі, Беларусі, Украіны, Грузіі, Латвіі, Малдовы і Грэцыі. Частка з іх жыла ў Літве, іншыя прыязджалі спецыяльна для выканання канкрэтных задач.

Асноўнымі выканаўцамі забойстваў павінны былі стаць двое грамадзян Грэцыі, адзін з якіх таксама меў грамадзянства Расіі. Іх звязваюць з крымінальным светам. Яны шукалі дапамогу ў мясцовых злачынных колах у Літве: удакладнялі, як лепш наблізіцца да ахвяр, якім шляхам уцякаць пасля нападу, дзе набыць зброю або іншыя сродкі для забойства і як пазбавіцца доказаў.

12 сакавіка 2025 года ў Вільні прайшла спецаперацыя з удзелам антытэрарыстычнага падраздзялення «Арас». У выніку былі затрыманыя галоўныя падазраваныя.

Пасля аналізу сабраных матэрыялаў следства выйшла і на іншых арганізатараў і фінансістаў. У пачатку 2026 года разам з замежнымі партнёрамі была праведзена міжнародная аперацыя. Новыя затрыманні і ператрусы прайшлі ў Польшчы, Украіне і Грэцыі.

Асобна падкрэсліваецца, што расследаванне выявіла сувязі паміж выканаўцамі і замоўцамі, якія, паводле версіі літоўскага боку, дзейнічалі ў інтарэсах расійскай вайсковай разведкі.

Акрамя падрыхтоўкі забойстваў, падазраваныя маглі займацца і іншымі задачамі: зборам інфармацыі пра вайсковыя аб’екты, а таксама арганізацыяй падпалаў тэхнікі вайсковага прызначэння, якая магла выкарыстоўвацца для падтрымкі Украіны.

На гэты момант абвінавачанні або падазрэнні выстаўленыя 13 асобам. Дзевяць чалавек ужо затрыманыя. На яшчэ чатырох выдадзеныя еўрапейскія ордары на арышт, іх працягваюць шукаць. Трое затрыманых за мяжой ужо перададзеныя Літве, яшчэ па двух асобах вырашаецца пытанне экстрадыцыі.

Следства працягваецца, і літоўскія ўлады заяўляюць пра цеснае супрацоўніцтва з замежнымі спецслужбамі і праваахоўнымі структурамі.

Чытайце таксама:

Стала вядома, на каго рыхтавала палітычны замах міжнародная група, затрыманая ў Грэцыі і Літве

Літоўскі актывіст выклікаў скандал, калі прыехаў у Суджу і памачыўся на помнік воінам-вызваліцелям ФОТАФАКТ

У Літве раскрылі міжнародную групу, што планавала палітычныя забойствы. Сярод злачынцаў ёсць беларусы

Каментары да артыкула