Коўл: Лукашэнка хоча, каб Беларусь стала часткай еўрапейскай сям’і народаў
Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл заявіў агенцтву Reuters, што цяпер абмяркоўваецца магчымы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Злучаныя Штаты. Паводле яго слоў, такая паездка магла б стаць добрым крокам для развіцця адносін паміж краінамі.
Аляксандр Лукашэнка. Фота: Evgenia Novozhenina / Pool Photo via AP
Коўл сказаў, што цяпер абмяркоўваецца тэма адкрыцця амбасады ЗША ў Мінску. Ён адзначыў, што ўсе гэтыя пытанні знаходзяцца на парадку дня, і выказаў аптымізм адносна іх рэалізацыі.
На думку амерыканскага прадстаўніка, Лукашэнка хоча, каб Беларусь стала часткай еўрапейскай сям’і народаў. Як ён лічыць, вызваленне палітвязняў магло б дапамагчы Мінску рухацца ў гэтым кірунку.
«Пакуль мы давяраем адзін аднаму, і… калі адзін адчувае, што другі збіўся з курсу, мы гэта наладзім», — акрэсліў Коўл свае асабістыя адносіны з Лукашэнкам.
Таксама Коўл паведаміў, што плануе прыехаць у Беларусь праз два-тры тыдні і спадзяецца, што цягам месяца ўдасца дамагчыся вызвалення часткі палітвязняў.
Падчас папярэдняй сустрэчы з Коўлам 19 сакавіка Лукашэнка казаў, што Дональд Трамп нібыта запрасіў яго ў сваю рэзідэнцыю ў Фларыдзе для абмеркавання «вялікай здзелкі».
Чытайце таксама:
Коўл: Мая каманда і я дапамаглі дасягнуць вызвалення трох грамадзян Польшчы і двух грамадзян Малдовы