У Брэсце выпеклі рэкорднае хачапуры ФОТАФАКТ
Рэкорд устанавілі прадстаўнікі брэсцкага Дома грузінскай кухні, піша расійскае выданне Sputnik. Яны выбралі для гэтага аджарскае хачапуры — вядомы від стравы ў форме лодкі. Паводле традыцыі, такая форма сімвалізуе мора, а жаўток зверху — сонца.
Фота: Эліна Сонава
Дасягненне мясцовых кулінараў унеслі ў нацыянальны рэестр Кнігі рэкордаў Беларусі.
Шэф-кухар Гюльнар Садыгава расказала, што спецыяльна рэкорд першапачаткова не планавалі. Ідэя была проста прыгатаваць вялікае хачапуры для калег, каб усім хапіла.
У выніку страва атрымалася 71 сантыметр у даўжыню і вагой 4,8 кілаграма.
Як назваць рэкордную страву, пакуль канчаткова не вырашылі. Адзін з варыянтаў — «брэсцкае хачапуры». Тым больш што сыр для яго рабілі самастойна з беларускага малака.