Гісторыя2121

«Бульбяныя» — які брэнд загубілі! Вось што там гатавалі і што ўспаміналі пра іх Уладзімір Высоцкі і старшыня КДБ

З’яўленне ў Мінску новай установы «Дранічная №1» выклікала хвалю абурэння. Беларусы ўбачылі ў яе канцэпцыі савецкую настальгію і гламурныя вобразы з маскоўскіх Патрыкаў. А між тым калісьці ў кожным буйным горадзе Беларусі дзейнічалі ўстановы, якія гатавалі толькі стравы з бульбы і падкрэслена выкарыстоўвалі нацыянальны каларыт.

Кафэ «Бульбяная» на праспекце Незалежнасці ў Мінску ў апошнія гады сваёй працы

Моўнае пытанне 

Не ўсё так гладка ў новай установы і з назвай. Прыметнік «дранічны» сапраўды ёсць у беларускай мове — але паводле слоўнікаў звязаны не з дранікамі, а з будаўніцтвам. Ён утвораны ад слова «драніца», якім абазначаюць тонкія драўляныя дошчачкі для крыцця даху або для абівання сцен пад тынкоўку. 

З бульбай такой палісеміі не ўзнікла б, але сёння знайсці сапраўдную «бульбяную» — амаль немагчыма. Хоць калісьці шыльды ўстаноў з такой назвай, дзе падавалі амаль выключна стравы з бульбы, можна было пабачыць ва ўсіх буйных гарадах Беларусі.

Яны былі і ў Мінску, і ў абласных, і ў раённых цэнтрах. Гэта не была сетка ў сучасным разуменні, але ў савецкі час існавала мода на ўстановы, якія спецыялізаваліся на адным канкрэтным прадукце: чайныя, кавярні (у сэнсе — установы, што падаюць напоі з кавы), пельменныя, чабурэчныя, варэнікавыя, блінныя, піражковыя, шашлычныя, бутэрбродныя — і, канешне, бульбяныя.

Тэрмін «бульбяная» ў беларускім напісанні трывала прапісаўся і ў рускай мове як пазначэнне закусачнай з нацыянальным каларытам — нароўні з «хінкальнай» або «хачапурнай». Па сутнасці, такі фармат стаў адным з самых пазнавальных гастранамічных брэндаў савецкай Беларусі.

«Бульбяная» на праспекце

Кафэ «Бульбяная» на Ленінскім праспекце ў Мінску

Напэўна, самая вядомая «Бульбяная» знаходзілася ў Мінску па адрасе Ленінскі праспект, 53 (пасля праспект Скарыны, цяпер праспект Незалежнасці), непадалёк ад плошчы Якуба Коласа. Уваход лёгка было пазнаць па прыкметным металічным знаку — чыгунку на ланцугу.

Гэтае кафэ вылучалася сваім мастацкім афармленнем. Простыя тынкаваныя сцены кантраставалі з цёмнай столлю, прарослай масіўнымі драўлянымі бэлькамі, і дэкаратыўнымі металічнымі люстрамі. Асабліва ўражвалі вялікія печы, упрыгожаныя сюжэтнай паліванай кафляй: яны служылі своеасаблівымі раздаткавымі вокнамі паміж кухняй і абедзеннай залай. Увесь гэты ансамбль ствараў пазнавальны познесавецкі, рамантызаваны вобраз беларушчыны — не панскай, але высакароднай.

Абедзенная зала была абстаўлена масіўнай драўлянай мэбляй — лавамі і сталамі, накрытымі традыцыйнымі рушнікамі. Афіцыянткі разносілі бульбяныя стравы ў строях з элементамі народнага адзення, што надавала яшчэ больш нацыянальнага каларыту бульбяной.

Кафэ «Бульбяная» на Ленінскім праспекце ў Мінску. 1980‑я гады. Фота з сувенірных картак

Тут прапаноўвалі некалькі дзясяткаў фірмовых і нацыянальных страваў з бульбай: «Смажаніна» — бульба з ялавічынай, свінінай і цыбуляй, запечаная на патэльні; «Пражаніна» — бульба са свінінай, грыбамі гароднінай і чарнаслівам, якая падавалася пад вінным соусам; салат «Смачны» — мяса, гародніна, цыбуля і грыбы ў кошыку са смажанай хрусткай бульбы, а таксам «Булён з бульбешнікамі», «Поліўка беларуская», «Бульба ў мундзірах з агурком», асарці «Беларускі букет», салаты «Сялянскі» і «Востры».

Інтэр'ер кафэ «Бульбяная» на Ленінскім праспекце ў Мінску. 1980‑я гг

Кафэ адкрылася ў 1958 годзе. Аднак праверка, праведзеная ў 1962‑м грамадскім аддзелам гандлю райвыканкама, выявіла, як пісала газета «Камуніст Беларусі», вельмі абмежаваны выбар першых і другіх страў, іх нізкую каларыйнасць, а таксама грубае абыходжанне з наведвальнікамі.

Кафэ «Бульбяная» на Ленінскім праспекце ў Мінску. 1980‑я. Фота з сувенірных картак

Аднак ўжо ў 1965 годзе «Бульбяная» фігуравала ў маскоўскай газеце «Неделя» ў пазітыўным ключы. У апублікаваным там артыкуле сцвярджалася, што кожны госць Мінска лічыць сваім доўгам наведаць «Бульбяную», а журналіст уздыхаў: «Нам бы ў Маскву такую «Бульбяную».

Насамрэч «Бульбяная» ў Маскве ў выніку ўся ж з’явілася — кафэ з такой назвай дзейнічае ў беларускім павільёне ВДНГ.

Сапраўды, «Бульбяная» ператварылася ў савецкі час у візітоўку горада. Мінчукі абавязкова вялі сюды гасцей здалёк — пачаставаць народнай кухняй і паказаць месца, дзе нацыянальны каларыт адчуваўся не толькі ў стравах, але і ў атмасферы.

«Бульбяная» на праспекце Незалежнасці ў 2000‑я гг. Фота: ru-travel.livejournal.com

У сярэдзіне 2000‑х гадоў «Бульбяная» была вымушана закрыцца на доўгачасовы, амаль трохгадовы рамонт. Як прыгадваюць у публікацыях, прычынай стаў незапланаваны візіт у кафэ сталічнага кіраўніка Міхаіла Паўлава, які вырашыў разам з іншымі чыноўнікамі гарвыканама тут паабедаць. Прыём і тое, што ён пабачыў на кухні, яго абурылі. Абноўленая «Бульбяная» адкрылася ў 2008 годзе, але не вытрымала канкурэнцыі ў такім бойкім месцы. У 2011 годзе на яе месцы размясцілася адно з кафэ сеткі «Штоле».

«Бульбяная» на праспекце Незалежнасці ў 2010 годзе. Фота: Яндэкс Карты

Пра колішнюю «Бульбяную» нагадвае толькі керамічная паліваная кафля пры ўваходзе, якая засталася ад папярэдняй установы. На ёй вылепленая бульба і надпіс: «Бульба смачная, карысная, пажыўная, асабліва з сальцам». 

Керамічная плітка на ўваходзе ў «Штоле», якая нагадвае пра колішнюю «Бульбяную». Фота: тэлеграм-канал «Минск и минчанин»

У 2017 годзе паведамлялася, што на месцы крамы «Крышталь» на праспекце Незалежнасці, 39 плануюць аднавіць легендарную «Бульбяную». Новыя ўладальнікі казалі пра ідэю сеткі беларускіх фастфудаў, якую падтрымаў і Мінгарвыканкам. Але рамонт зацягнуўся, і ў выніку праз некалькі гадоў там адкрыліся крама оптыкі і OZ.by, а не «Бульбяная».

«Бульбяная» на Магілёўскай шашы

«Бульбяная» на Магілёўскай шашы ў 1960‑я гг. Фота: pastvu.com

Гэта была не адзіная «Бульбяная» ў сталіцы. Недзе ў першай палове 1960‑х гадоў яшчэ адно кафэ з такой назвай з’явілася ў іншай частцы горада — на тагачаснай Магілёўскай шашы, насупраць Мінскага мотавелазавода. Сёння дом, у якім яна размяшчалася, мае адрас Партызанскі праспект, 19. Ад той «Бульбянай» не засталося ніякіх слядоў: цяпер на першым паверсе будынка працуюць вінная крама, крама велазапчастак і невялікая піцэрыя.

Характэрныя нахіленыя вітрыны — ўсё, што сёння нагадвае пра «Бульбяную» на Партызанскім праспекце. Фота: Гугл Карты

У 1967 годзе сталічныя газеты паведамлялі таксама пра адкрыццё «Бульбянай» на вуліцы Апанскага (цяпер Кальварыйскай), але дзе канкрэтна яна размяшчалася, высветліць не ўдалося.

«Бульбяныя» ў Магілёве

«Бульбяная» ў доме чыгуначнікаў па праспекце Міру №25. 1965 г. Фота: Фотаархіў Лісоўскага

Мінск не быў, як мы ўжо казалі, адзіным месцам, дзе можна было знайсці бульбяныя. Была сваё кафэ «Бульбяная» і ў Магілёве ў «доме чыгуначнікаў» па праспекце Міру №25. Характэрную шыльду «Бульбяная» можна разгледзець над убудаваным памяшканнем у вуглавой частцы дома ўжо на здымках сярэдзіны 1960‑х гг., амаль адразу пасля ўзвядзення будынка.

Месца выглядае не выпадковым, турыстычным — насупраць гасцініца «Магілёў». Але насамрэч гасцініца была пабудаваная нашмат пазней, толькі ў 1972 годзе.

Сёння ў былым памяшканні кафэ працуе фірмовая крама Магілёўскага мясакамбіната. Калі менавіта закрылася «Бульбяная», дакладна невядома, але ў энцыклапедычным даведніку па горадзе за 1990 год ужо не згадваецца ніводная ўстанова грамадскага харчавання на гэтым праспекце.

Памяшканне ў доме па праспекце Міру №25, дзе раней размяшчалася «Бульбяная». Фота: Яндэкс Карты

Сярод іншага, гэты дом вядомы і тым, што тут жыла сям’я рускамоўнага пісьменніка Міхаіла Велера: яго бацька, афтальмолаг па прафесіі, загадваў аддзяленнем Магілёўскай псіхбальніцы.

У 1976 годзе яшчэ адна «Бульбяная» з’явілася ў новым жылым раёне Магілёва — ў доме па адрасе вуліца Народнага апалчэння, 20. Кафэ мела плошчу 123 м² і магло адначасова прыняць 54 чалавекі. Сёння ў гэтым памяшканні размяшчаюцца розныя прадуктовыя і адзенныя крамы.

«Бульбяная» ў Гродне

Кафэ «Бульбяная» ў Гродне. Фота: Энцыклапедычны даведнік гарадоў Беларусі

Гродна таксама меў сваю «Бульбяную». Кафэ размяшчалася на вуліцы Камарова, 15, у мікрараёне Фарты-2. Гродзенская бульбяная адкрылася адносна позна — толькі ў 1982 годзе. Гандлёвая плошча складала 120 м², і ўстанова магла адначасова прыняць 80 чалавек у фармаце самаабслугоўвання. У меню былі беларускія нацыянальныя стравы і разнастайныя стравы з бульбы. Меўся нават фруктовы бар на 36 месцаў. Інтэр’еры ўпрыгожвалі каляровае шкло і разьба па дрэве.

Сёння ў гэтым будынку працуе камбінат школьнага харчавання і прадуктовая крама.

Будынак па вуліцы Камарова, 15 у Гродне, дзе размяшчалася бульбяная. Фота: Яндэкс Карты

«Бульбяная» ў Брэсце

«Бульбяная» ў Брэсце. 1980‑я гг. Фота: brestcity.com

Яшчэ пазней у Беларусі з’явілася «Бульбяная» ў Брэсце. Кафэ адчынілася толькі ў 1986 годзе на вуліцы Маскоўскай, 39 (цяпер праспект Машэрава). Гэта была даволі вялікая ўстанова: гандлёвая плошча складала 240 м², і адначасова яна магла прыняць 100 чалавек. У меню, натуральна, пераважалі беларускія нацыянальныя стравы з бульбы, але дзейнічаў і буфет з шырокім асартыментам кандытарскіх вырабаў і напояў уласнай вытворчасці, марожанага, малочных кактэйляў, а таксама бар на 14 месцаў.

Кафэ «Бульбяная» ў Брэсце. 2009 г.

Брэсцкая «Бульбяная» праіснавала даволі доўга — яе канчаткова закрылі толькі ў 2015 годзе, калі пачалася рэканструкцыя. Новы ўласнік, кампанія «Санта», планаваў адкрыць тут прадуктовую краму і невялікі кафетэрый. Але ў выніку ў кастрычніку 2016 года замест кафетэрыя на гэтым месцы адкрыўся рэстаран KFC.

Рэстаран KFC і крама «Санта Фіш» на месцы былой «Бульбянай». Фота: Яндэкс Карты

«Бульбяная» ў Гомелі

Дом па праспекце Леніна 34, дзе размяшчалася сталовая-бульбяная. 1960‑я гг. Фота: Гомельскі гарвыканкам

У Гомелі «Бульбяная» размяшчалася ў сталінскім доме на праспекце Леніна, 34, недалёка ад чыгуначнага вакзала. Разам з профільнымі варэнічнай і пельменнай яна была аднесена да разраду сталовак. Чым менавіта гэтая ўстанова адрознівалася ад пералічаных вышэй кафэ, што працавалі па метадзе самаабслугоўвання, — зразумець цяжка. Далейшы лёс гомельскай «Бульбянай» невядомы.

«Бульбяная» ў Віцебску

«Бульбяная» ў Віцебску. 1962 г. Фота: «Віцебскі рабочы»

У Віцебску кафэ «Бульбяная» адкрылася ў лістападзе 1961 года, у самым цэнтры горада, на месцы крамы гародніны ў будынку па вуліцы Гогалеўскай, 30 (цяпер Леніна). Тады ўваход знаходзіўся на ўзроўні вуліцы: тратуар каля кафэ рэзка спускаўся ўніз, а потым гэтак жа крута падымаўся ў бок сучаснай плошчы Перамогі. За гэтую асаблівасць рэльефу мясцовасць празвалі «ямай».

Пазней ландшафт выправілі: вуліцу паднялі, і ўваход разам з вокнамі кафэ апынуліся ўжо на паўпадвальным узроўні.

У наш час «Бульбяная» ў Віцебску апынулася ў паўпадвальным памяшканні. Фота: Wikimania

У 1980‑я гады гандлёвая плошча кафэ, у меню якога пераважалі беларускія нацыянальныя стравы з бульбы, складала 72 м². Адначасова яно магло прыняць больш за 40 чалавек і працавала па метадзе самаабслугоўвання.

«Калі Генадзь Лавіцкі ўспамінае Віцебск, яму адразу ўяўляецца «бульбяная». «Бульбяная» — сталовая, дзе падаюць стравы з бульбы. Картафлянікі, бульбашы, дранікі… А ёсць яшчэ бульбяная каша з салам. «Бабка» — па-беларуску. Гліняны гаршчочак, а ў ім бульба са шкваркамі, з цыбуляй, пятрушкай, кменам. І з лаўровым лістом. Вось прыходзіш з марозу, галодны, змерзлы… з'ясі гаршчочак гарачай бульбы. І на суткі хапае!», — так успаміналі гастранамічныя перавагі першага пасла ў Ізраілі і былога старшыні КДБ Беларусі, які пачынаў кар'еру ў Віцебску, у адной бульварнай кніжцы ў пачатку 2000‑х.

«Бульбяная» ў Віцебску захавала меню і беларускі дух у інтэр'ерах. Фота: Яндэкс Карты

У адрозненне ад многіх іншых, гэтае кафэ існуе да сёння і не змяніла свайго профілю — ні ў меню, ні ў афармленні інтэр’ераў. Тут і цяпер можна ўбачыць масіўную драўляную мэблю, бэлькі пад столлю і дэкаратыўныя кампазіцыі з беларускім арнаментам на сценах.

Кафэ «Бульбяная» ў Івацэвічах

Як бачна, ніводнай «Бульбянай» у абласных цэнтрах не захавалася — выключэнне складае толькі Віцебск. Затое ў малых гарадах установы з такой назвай можна сустрэць і сёння: напрыклад, у Драгічыне, Жыткавічах і Івацэвічах. Апошняя, дарэчы, фігуруе ў адной з гісторый пра Уладзіміра Высоцкага: у савецкага спевака зламалася машына на шашы Масква — Брэст, і ён звярнуўся па дапамогу на мясцовае СТА. Калі праблему вырашылі, Высоцкі зайшоў у бліжэйшую бульбяную — размешчаную ўсяго за дваццаць метраў — адкуль «цягнуўся неймаверны пах беларускіх дранікаў». Але выйшаў не з дранікамі ці бабкай, а са скрыняй віна, якое падарыў сваім выратавальнікам.

Афармленне меню для кафэ «Бульбяная» ў Бабруйску. Віталь Гунін, 1985 г. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары21

  • бабруйчанін
    11.01.2026
    Бульбяная у Бабруйску дзе зараз Краязнаўчы музей пл Перамогі ...там яшчэ Бэцер пачынал " каіьеру" ))))у абшчэ...піце .
    Кнігарня пасля перанеслі дзе зараз абутак Марко"
  • Імя
    11.01.2026
    З чаго вы ўзялі, што "Штолле" - нямецкая, а не расейская франшыза?
  • Чел
    11.01.2026
    "Бульбяная" у меня связана с неприятным инцидентом, из-за которого я вычеркнул это кафе из своей жизни. Во времена Горбачева меня с другом не пустили туда отобедать. Не прошли студенты фэйс-контроль по возрасту. Было довольно унизительно. Причем никто не спрашивал, собираемся мы заказывать спиртное, или нет. Так я в своей жизни и ни разу там не побывал из принципа. Теперь Бульбяной нет, а мы с друзьями есть. Рад что она оказывается закрылась.

Цяпер чытаюць

Пракурор просіць для экс-памочніка Лукашэнкі Ігара Брыло 12 гадоў зняволення4

Пракурор просіць для экс-памочніка Лукашэнкі Ігара Брыло 12 гадоў зняволення

Усе навіны →
Усе навіны

Памятаеце госцю свецкага вечара ў сукенцы з галавой казулі? Цяпер у яе іншы экстравагантны вобраз6

Сёння Мінск прачнуўся ўначы ад моцнага гуку, падобнага да дрона10

Расійскі палітык загінуў на вайне праз 10 дзён пасля падпісання кантракта, нават не даехаўшы да фронту10

Трамп заявіў пра «вельмі паспяховыя размовы» з Іранам і адклаў удары па энергааб'ектах на пяць дзён13

За арганізацыю ў 2020 годзе бунту ў Бабруйскай калоніі асуджанаму за наркотыкі вязню 6 разоў падаўжалі тэрмін3

Карней: Пад шоу выдзелілі самую вялікую залу, галоў на 2001

Мінчане скардзяцца на смог у горадзе5

Стаў вядомы яшчэ адзін акаўнт у фэйсбуку, з якога беларускім актывістам пішуць супрацоўнікі КДБ6

Іран замініруе ўсе марскія шляхі ў Персідскім заліве ў выпадку наземнай аперацыі ЗША6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пракурор просіць для экс-памочніка Лукашэнкі Ігара Брыло 12 гадоў зняволення4

Пракурор просіць для экс-памочніка Лукашэнкі Ігара Брыло 12 гадоў зняволення

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць