Рудая кошка, якая стала талісманам музея ў Віцебску, цяпер сустракае наведвальнікаў разам з кацянятамі ФОТЫ
Тры месяцы таму беларускія СМІ паведамлялі пра бяздомную кошку, якая прыцягвае жыхароў Віцебска ў мясцовы Музей сучаснага мастацтва. Цяпер жа ў гэтай гісторыі з'явіўся працяг, піша выданне Times.by.
Пра тое, як гэтая кошка сама трапіла ў музей, раней расказвала загадчыца Музея сучаснага мастацтва Ніна Бабровіч.
«Запрыкмецілі рудое кацяня 14 ліпеня: безнаглядна бегала па газонах каля будынка музея і жаласна мяўкала, але дзічылася і ў рукі не давалася. Сталі малое падкормліваць і паціху прыручылі. Назвалі Марсэлем — у гонар легендарнага французскага міма Марсо. Потым наша пухнатае дзіва вырасла — і аказалася, што гэта цудоўная лэдзі. Але пераймяноўваць ужо не сталі».
Марсэль можна назваць паўнапраўным супрацоўнікам музея. Яна сустракае гасцей на рэсэпшн — там у яе ёсць спецыяльны дыванок, а затым суправаджае экскурсійныя групы.
«Жыве яна ў зале, дзе размяшчаюцца карціны мастака-авангардыста Аляксандра Салаўёва, — дадае суразмоўца. — Жартуем, што гэта не дзіўна: выбірала апартаменты пад колер футра. У палотнах майстра шмат сакавітых рыжых і чырвоных адценняў, якія выдатна спалучаюцца з яркім футрам нашай Марсэль».
А 1 красавіка пухнатая супрацоўніца нарадзіла чатырох кацянят — двух рудых і двух чорных. Яны ўжо падраслі і прымаюць гасцей нароўні з мамай.
«У іх спецыяльны вальер з агароджай, з якога яны не могуць пабегчы ў розныя бакі, — удакладняе Ніна Бабровіч. — Але часам выпускаем на невялікі подыум, дзе яны прагульваюцца на радасць і замілаванне наведвальнікаў».
Усім малым ужо знайшлі будучых гаспадароў — супрацоўнікі музея «забраніравалі» сабе гадаванцаў, але пакуль кацянятам не споўніцца два месяцы, яны будуць у мамы пад пухнатым бокам.
«Магчыма, нехта з малых і застанецца — працягваць дынастыю музейных захавальнікаў, — кажа суразмоўніца. — Такі варыянт разглядаем, калі раптам мышы вырашаць замахнуцца на мастацтва. На тры паверхі плюс падвальнае памяшканне сіл адной Марсэль не хопіць».
Пакуль атакі грызуноў не здаралася, і самая буйная здабыча рудой кошкі — жучкі-павучкі. Таму і асноўная пасада ў Марсэль — усеагульная ўлюбёнка, а не служба аховы экспанатаў.
Убачыць каціную сям'ю ў поўным складзе можна яшчэ мінімум месяц.
Чытайце таксама:
У Крычаве котка дапамагае курыцы даглядаць куранят ВІДЭА
Ці трэба плаціць падатак за катоў? Беларуска распавяла пра нечаканы візіт міліцыі
У Аўстрыі хлопца судзілі за тое, што адправіў у Германію паштовай пасылкай жывую котку