БЕЛ Ł РУС

Расіяніна з Мачулішчаў, які працаваў электрыкам, адправілі ў калонію па трох палітычных артыкулах

3.05.2026 / 13:52

Nashaniva.com

Раман Шаркоў працаваў у Мінску і вобласці электрыкам і майстрам па дробных хатніх працах. Але нядаўна яго асудзілі за палітыку.

Раман Шаркоў. Фота: profi-bel.by

Раману Шаркову 35 гадоў. Ён грамадзянін Расіі, але доўгі час жыў у Беларусі. У 2009 годзе скончыў школу ў Мачулішчах, дзе вучыўся ў ваенна-патрыятычным класе. У 2014‑м атрымаў дыплом па спецыяльнасці «электразабеспячэнне» на энергетычным факультэце БНТУ.

На профільных сэрвісах мужчына прапаноўваў паслугі кур'ера і рознарабочага. Аднак асноўнай ягонай спецыялізацыяй была электрыка: ад мантажу праводкі да зборкі электрашчытоў у кватэрах і прыватных дамах. 

Апошнім часам да затрымання ён працаваў ва ўніверсітэце МІТСО. Як вынікае з афіцыйных дакументаў аб закупках, там ён адказваў за сантэхнічныя, вентыляцыйныя і электратэхнічныя працы падчас капітальнага рамонту аднаго з вучэбных карпусоў.

Дакладная дата затрымання Рамана невядомая, але гэта адбылося ў сярэдзіне 2025 года.

Яго судзілі ў Мінскім гарадскім судзе адразу па некалькіх крымінальных артыкулах — ч. 1 і 2 артыкула 361‑4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці) і ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, якія наносяць шкоду Беларусі).

Шаркову прысудзілі калонію. Пагражала ад 1,5 да 7 гадоў, але дакладны прысуд невядомы.

Чытайце таксама:

Айцішніцы далі тры гады па справе Гаюна. Яна жыла ў Вільні, але перыядычна ездзіла на радзіму

Бацьку дваіх дзяцей з Нясвіжа асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

Менеджара па продажах буйной міжнароднай агракампаніі асудзілі па пяці палітычных артыкулах

Каментары да артыкула