Дактары рыхтуюць Ксюшу з СМА да генна-замяшчальнай тэрапіі
Новы кансіліум дактароў адбудзецца ў канцы мая, фінальны аналіз будуць рабіць за мяжой, паведамляе Мінздароўя.
У стане трохгадовай Ксеніі Маісеенка, якая жыве ў дзіцячым доме пры жывой маці, назіраецца значнае паляпшэнне, паведаміла галоўная пазаштатная спецыялістка па спадчынных нервова-мышачных захворваннях у дзяцей Міністэрства аховы здароўя Ірына Жаўняронак.
Трохгадовую Ксюшу Маісеенка з СМА, якой вялізарныя грошы на «Залгенсма» экстранна збіралі валанцёры, рыхтуюць да ўвядзення генна-замяшчальнай тэрапіі, перадае БелТА.
Сёння Ксенія атрымлівае прэпарат «Рысдыплам», прыём якога пачаты з 1 красавіка. «Зараз канец месяца. Вельмі добрая станоўчая дынаміка, якая бачная нават няўзброеным вокам», — сказала Ірына Жаўняронак.
У канцы мая будзе праведзены паўторны кансіліум. Зараз дзіця рыхтуюць да правядзення генна-замяшчальнай тэрапіі. Справа ў тым, што перад яе пачаткам неабходна ўзяць аналіз на вызначэнне тытра антыцелаў да віруса. Тытры павінны быць дапушчальныя для правядзення гэтай тэрапіі, інакш вытворца нават не адгрузіць прэпарат.
Аналіз выконваецца за межамі краіны, гэта вельмі жорсткае патрабаванне вытворцы прэпарата.
У Ксюшы дыягнаставаная спінальная мышачная атрафія (СМА) другога тыпу — цяжкае генетычнае захворванне, якое патрабуе дарагога лячэння. Дзякуючы хуткаму збору сродкаў, у якім удзельнічалі звычайныя беларусы, арганізацыі і фонды, для яе лячэння ўдалося сабраць амаль два мільёны даляраў — суму, дастатковую для дарагога ўколу.
Але пасля стала вядома, што пакуль увесці яго Ксюшы няма магчымасці. Але цяпер дактары зноў даюць надзею.