БЕЛ Ł РУС

У цэнтры Бабруйска выратавалі зайца, які трапіў у пастку ВІДЭА

30.04.2026 / 22:41

Nashaniva.com

24 красавіка ў Бабруйскім драматычным тэатры імя Дуніна-Марцінкевіча прайшла незвычайная аперацыя па выратаванні зайца, які трапіў у прыямак будынка. Пра гэты выпадак расказала загадчыца літаратурнай часткі тэатра Таццяна Мурманцава, піша Bobr.by.

Каля трэцяй гадзіны дня ў адміністрацыю тэатра звярнуўся малады чалавек і папрасіў дапамогі. Высветлілася, што ягоная дзяўчына заўважыла, як дзікі заяц трапіў у пастку — вузкі прыямак каля будынка, адкуль самастойна выбрацца не мог.

Хлопец у той момант ехаў з Мінска, але як толькі прыбыў у Бабруйск, адразу накіраваўся ратаваць жывёліну.

Паводле слоў супрацоўніцы тэатра, заяц сядзеў нерухома і амаль не падаваў прыкмет жыцця, таму яго маглі доўга не заўважаць. Спачатку думалі адкрыць акно, якое выходзіць усярэдзіну тэатра, але пасля адмовіліся ад гэтай ідэі, бо лавіць перапалоханага зайца ў вялікім памяшканні было б значна цяжэй.

Тады давялося падымаць краты і спускацца ўніз. Ратавальнік накрыў зайца посцілкай, якой тут звычайна збіраюць лісце і галлё. Жывёліна пачала вырывацца і нават падала голас, але мужчына ўпэўнена загарнуў яе ў палатно і вынес на траву.

Апынуўшыся на волі, вушасты імкліва паскакаў у сквер.

Таццяна Мурманцава адзначыла, што, на жаль, не даведалася імя гэтага хлопца, але была вельмі ўражаная ягонай спагадлівасцю і ўменнем абыходзіцца з дзікай жывёлінай.

Яна выказала надзею, што заяц адпачыў пад кустом да вечара, а ноччу падаўся ў бок Бярэзіны.

Чытайце таксама:

Гарбаты кіт Цімі жывы і нарэшце кіруецца ў Паўночнае мора. Аперацыя па яго выратаванні цягнулася два месяцы

Літоўскія памежнікі паказалі, як каля мяжы з Беларуссю раку пераплывае мядзведзь ВІДЭА

У Наваполацку знялі, як мыш у краме вылазіць паласавацца катлетамі ВІДЭА

Пад Гроднам нарадзілася авечка-панда ФОТЫ

Каментары да артыкула