Ад летняй спёкі да амаль марозных начэй. На наступным тыдні чакаюцца рэзкія перапады надвор'я
Сіноптык Дзмітрый Рабаў у эфіры тэлеканала АНТ паведаміў, што ў Беларусі на тыдні з 4 да 10 мая надвор’е будзе вельмі зменлівым: ад амаль летняй спёкі да рэзкага пахаладання.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
У пачатку тыдня ў краіну прыйдзе антыцыклон з Заходняй Еўропы, які прынясе цёплае паветра.
У панядзелак, 4 мая, ападкаў амаль не чакаецца. Уначы тэмпература складзе ад +6 да +13 градусаў, а ўдзень пацяплее ад +22 на ўсходзе да +27 на захадзе краіны.
У аўторак, 5 мая, з захаду пачне паступаць больш вільготнае паветра. У паўночна-заходніх раёнах магчымыя кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Уначы будзе ад +6 да +12, а ўдзень захаваецца цёплае надвор’е — ад +20 да +26 градусаў.
У сераду, 6 мая, месцамі магчымыя лакальныя дажджы. Раніцай і ўначы магчымы туман. Тэмпература ўначы ад +7 да +12, удзень — ад +17 на паўночным захадзе да +26 на паўднёвым захадзе.
З чацвярга, 7 мая, надвор’е пачне пагаршацца. Да Беларусі падыдзе актыўны цыклон з паўднёвага захаду. Пахаладае, узмоцніцца заходні вецер, амаль па ўсёй краіне пройдуць дажджы. Уначы будзе ад +6 да +11, а ўдзень тэмпература будзе вельмі рознай: ад +10 на захадзе да +25 на паўднёвым усходзе.
У пятніцу, 8 мая, чакаецца халаднаваты і вільготны цыклон з Балтыйскага мора. Амаль па ўсёй краіне пройдуць кароткачасовыя, месцамі моцныя дажджы. Вецер будзе парывісты. Уначы тэмпература складзе ад +6 на захадзе да +12 на ўсходзе, а ўдзень толькі ад +7 да +13 градусаў.
На выхадных зноў стане крыху цяплей.
У суботу, 9 мая, будзе пераменная воблачнасць, месцамі кароткія дажджы. Уначы ад +3 да +8, удзень ад +10 на паўночным усходзе да +15 на поўдні.
У нядзелю, 10 мая, таксама магчымыя лакальныя дажджы. Уначы чакаюцца туманы, бачнасць можа знізіцца да 500 метраў. Тэмпература ўначы панізіцца да 0…+6, а ўдзень будзе ад +13 да +17 градусаў.
Такім чынам, за адзін тыдзень у Беларусі надвор’е можа мяняцца ад спёкі да +27 градусаў да начнога холаду каля нуля.
Чытайце таксама:
Гомель, хутка і да вас даляціць цеплыня з Горадні