БЕЛ Ł РУС

Марка Рубіа на наступным тыдні паедзе ў Рым і Ватыкан выпраўляць адносіны

3.05.2026 / 13:48

Nashaniva.com

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа на наступным тыдні наведае Рым і Ватыкан на фоне напружанасці ў адносінах паміж Вашынгтонам, Святым Пасадам і Італіяй, паведамляе італьянскае выданне Corriere della Sera.

Марка Рубіа. Фота: AP Photo/Rod Lamkey, Jr.

Чакаецца, што візіт адбудзецца ў чацвер і пятніцу. Спачатку Рубіа паедзе ў Ватыкан, дзе, верагодна, сустрэнецца з дзяржаўным сакратаром Святога Пасаду П’етра Паралінам. Пасля гэтага ён накіруецца ў Рым, дзе запланаваныя сустрэчы з міністрам замежных спраў Італіі Антоніа Таяні і міністрам абароны Гвіда Кразета.

Таксама паведамляецца, што амерыканскі чыноўнік папрасіў пра сустрэчу з прэм’ер-міністаркай Італіі Джорджай Мелоні. Пакуль такая сустрэча ні пацверджаная, ні выключаная.

Візіт пройдзе на фоне пагаршэння адносін паміж ЗША і Італіяй. Апошнім часам паміж прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і Джорджай Мелоні ўзнік канфлікт пасля таго, як Трамп рэзка раскрытыкаваў заклікі Папы Льва XIV да міру на Блізкім Усходзе.

Мелоні назвала выказванні амерыканскага лідара непрымальнымі. У адказ Трамп абвінаваціў яе ў адсутнасці мужнасці і заявіў, што іх дачыненні ўжо не такія, як раней.

Акрамя таго, ён дапусціў магчымасць скарачэння амерыканскага вайсковага кантынгенту ў Італіі, сцвярджаючы, што гэтая краіна нібыта нічым не дапамагла ў вайне супраць Ірана.

Ёсць сведчанні, што вербальная вайна Трампа з Папам, падчас якой ён нават выставіў у сацсетках блюзнерскую выяву сябе самога ў выглядзе Месіі, не пайшла яму на карысць, і ён стаў страчваць падтрымку ў кансерватыўных колах.

Чытайце таксама:

Праз канфлікт з Папам Трамп пачаў страчваць падтрымку выбаршчыкаў. У Вашынгтоне загаварылі пра прымірэнне

«Трэба трымацца ад яго далей». Еўрапейскія ультраправыя адварочваюцца ад Трампа

Мелоні: Захад павінен патрабаваць крокі наперад ад Пуціна, а не ісці яму насустрач

Пасля допісу з крытыкай Папы Трамп апублікаваў сваю выяву ў вобразе Месіі

Каментары да артыкула