«Трэба трымацца ад яго далей». Еўрапейскія ультраправыя адварочваюцца ад Трампа
Правал на венгерскіх выбарах Віктара Орбана пасля таго, як яго актыўна падтрымалі Дональд Трамп і віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс, стаў апошняй кропляй для еўрапейскіх ультраправых. Яны ўжо пачалі аддаляцца ад Трампа праз яго агрэсіўныя паводзіны ў адносінах да Еўропы і пачатую на Блізкім Усходзе вайну. Цяпер жа стала відавочна, што блізкасць да яго здольная падарваць іх электаральныя перспектывы, піша The Moscow Times.

Трамп стаў палітычна таксічным нават для яго бліжэйшых ідэалагічных саюзнікаў у Еўропе, піша Politico.
«Нам трэба трымацца ад яго далей», — заявіла Марын Ле Пэн сваім аднапартыйцам на сустрэчы дэпутатаў ад французскага «Нацыянальнага аб'яднання» ў аўторак, расказаў выданню прысутны там высокапастаўлены партыйны чыноўнік.
Дадатковым фактарам стала атака Трампа на Папу Льва XIV. Прэм'ер-міністарка Італіі Джорджа Мелоні заставалася ці не апошнім еўрапейскім лідарам, які спрабаваў захаваць добрыя адносіны з Трампам, але вырашыла ад іх адмовіцца, калі ён перанёс свае нападкі з папы на яе.
«Мелоні шукала нагоду, каб дыстанцыявацца ад Трампа, і яго прамая атака дала ёй такую магчымасць, — сказаў агенцтву Bloomberg Ларэнца Кастэлані, навуковы супрацоўнік рымскага Універсітэта ЛУІСС. — Нападкі на папу і эканамічная нявызначанасць [у Італіі], верагодна, змянілі разлікі адносна жыццяздольнасці саюзу з ім».
Раней Трамп хваліў Мелоні, называючы «цудоўнай маладой жанчынай», якая «штурмам узяла Еўропу». Але падчас сустрэчы ў аўторак накінуўся на яе праз адмову падтрымаць вайну ў Іране і яе выказванні ў падтрымку Папы. У нядзелю Трамп раскрытыкаваў пантыфіка, які заклікаў да міру, і назваў яго «слабым у барацьбе са злачыннасцю і жахлівым у пытаннях знешняй палітыкі».
Мелоні адназначна расцаніла такія словы як «непрымальныя». Яна заявіла журналістам:
«Калі ў вас ёсць саюзнікі, і асабліва калі гэта стратэгічныя саюзнікі, трэба мець смеласць выказаць сваю нязгоду. Мне было б не па сабе ў грамадстве, дзе рэлігійныя лідары робяць так, як ім загадваюць лідары палітычныя».
У адказ Трамп сказаў газеце Corriere della Sera:
«Я шакаваны яе паводзінамі. Я думаў, што яна смелая, але я памыляўся».
З улікам таго, што правыя і ультраправыя партыі нярэдка прытрымліваюцца кансерватыўных рэлігійных каштоўнасцяў, і ў сітуацыі, калі еўрапейскія выбаршчыкі ў масе сваёй ускладаюць віну за канфлікт на Блізкім Усходзе і рост цэн на энерганосьбіты на прэзідэнта ЗША, дыстанцыяванне ад Трампа становіцца справай палітычнай мэтазгоднасці.
«Паразу [Орбана] нельга патлумачыць толькі стомленасцю выбаршчыкаў, — сказаў Politico высокапастаўлены прадстаўнік французскага «Нацыянальнага аб'яднання». — У цяперашніх умовах блізкасць да Злучаных Штатаў не спадабалася венгерскім выбаршчыкам».
Каб павысіць свае шанцы на перамогу на прэзідэнцкіх выбарах у Францыі ў 2027 годзе, «Нацыянальнае аб'яднанне» пастараецца пазбягаць асацыяцый з адміністрацыяй Трампа.
«Цесныя сувязі з Вашынгтонам могуць стаць цяжарам і быць няправільна вытлумачаныя, — сказаў адзін з найбліжэйшых саюзнікаў Ле Пэн. — Мы паважаем нашых сяброў у Вашынгтоне, але не хочам, каб яны загадвалі нам, што рабіць».
Аналагічным чынам стала мяняцца пазіцыя «Альтэрнатывы для Германіі» («АдГ»), асабліва з улікам рэгіянальных выбараў, якія пройдуць у верасні.
«Паказная праява дружбы» паміж Будапештам і Вашынгтонам, уключаючы выступленне Вэнса на мітынгу ў падтрымку Орбана, «павісла на шыі [венгерскага лідара], як млынавы жоран», напісаў у X дэпутат ад «АдГ» Маціяс Масдорф.
У канцы сакавіка лідарка «АдГ» Аліса Вайдэль даручыла кіраўнікам фракцыі ў Бундэстагу скараціць колькасць паездак партыйных лідараў у ЗША, за кошт якіх планавалася ўмацоўваць сувязі з рэспубліканцамі з руху Трампа MAGA («Амерыка перш за ўсё»).
Нават брытанец Найджэл Фарадж, заснавальнік партыі Reform UK, які раней параўноўваў Трампа з Чэрчылем, у нядаўнім інтэрв'ю Financial Times стаў больш стрыманым:
«Я ведаў яго крыху, але гэта так».
Прыхільнікі Трампа ў Еўропе губляюць выгады ад саюза з ім, кажа Беніяміна Ірдзі, дырэктар кансалтынгавай кампаніі Highground:
«Для захавання моцных сувязяў з ЗША патрэбныя выгады, якія яны больш не хочуць даваць, такія як прадказальнасць і надзейная абарона ў сферы бяспекі».
«Зло і вар’яцтва». MAGA-актывісты сталі патрабаваць адстаўкі Трампа за здраду ідэі «Амерыка перш за ўсё»
Папа Леў: Жменька тыранаў разбурае свет
Трамп пасля крытыкі выдаліў выяву, на якой ён прыпадобнены да Ісуса Хрыста
Лукашэнка: Трамп паказаў усяму свету і сапраўднае аблічча ЗША, і абмежаванасць магчымасцяў ЗША
Каб залагодзіць Трампа, ПАР прызначыла паслом у ЗША палітыка, які ўваходзіў ва ўрад яшчэ ў часы апартэіду
Каментары