Прэзідэнт Польшчы ўручыў Андрэю Пачобуту найвышэйшую ўзнагароду краіны
Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі ўручыў нядаўна вызваленаму з турмы ў Беларусі экс-палітвязню Андрэю Пачобуту ордэн Белага Арла — найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду краіны. Урачыстасць адбылася ў Варшаве падчас мерапрыемстваў з нагоды Дня Канстытуцыі 3 мая.
Фота: Канцылярыя прэзідэнта Польшчы
Падчас цырымоніі польскі прэзідэнт назваў Пачобута героем і нязломным чалавекам. Ён адзначыў, што журналіст стаў сімвалам стойкасці, вернасці сваім каштоўнасцям і барацьбы за правы чалавека.
Фота: Канцылярыя прэзідэнта Польшчы
Гэтым ордэнам Наўроцкі ўзнагародзіў Пачобута яшчэ летась 11 лістапада, у Дзень незалежнасці Польшчы. Тады палітвязень яшчэ знаходзіўся ў зняволенні. Узнагарода была прысвоена за дзейнасць у падтрымку палякаў у Беларусі, барацьбу за правы чалавека і прынцыповую пазіцыю супраць таталітарных праяў.
Фота: Канцылярыя прэзідэнта Польшчы
За дзень да афіцыйнага ўручэння Пачобута разам з жонкай Аксанай запрасіў на вячэру прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Паводле яго слоў, яны размаўлялі пра Польшчу, свабоду і будучыню.
Ордэн Белага Арла — найстарэйшая і самая высокая дзяржаўная ўзнагарода Польшчы, якой адзначаюць выключныя заслугі перад дзяржавай.
Журналіст і актывіст польскай меншасці ў Беларусі Андрэй Пачобут, асуджаны ў Беларусі да васьмі гадоў зняволення, быў вызвалены 28 красавіка. За кратамі ён правёў пяць гадоў і месяц.
Чытайце таксама:
Дональд Туск павячэраў з Андрэем і Аксанай Пачобутамі ФОТАФАКТ
Журналіст Gazeta Wyborcza расказаў, як сустракаў Пачобута пасля вызвалення
Ціханоўская пра адносіны Польшчы і Беларусі пасля вызвалення Пачобута: Мяч на баку Лукашэнкі