БЕЛ Ł РУС

Махляры стварылі клон часопіса БДУ і зараблялі на публікацыях у ім

6.05.2026 / 16:01

Nashaniva.com

У Беларускім дзяржаўным універсітэце паведамілі пра першы ў Беларусі зафіксаваны выпадак махлярства ў навуковай сферы, звязаны са стварэннем фальшывага сайта навуковага выдання.

Фота ілюстрацыйнае

Па словах дырэктара Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Уладзіміра Кулажанкі, гаворка ідзе пра клон сайта часопіса «Часопіс Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гісторыя». Зламыснікі стварылі інтэрнэт-рэсурс, які візуальна амаль поўнасцю паўтарае арыгінальны сайт, таму адрозніць падробку ад сапраўднага выдання вельмі складана.

Як гаворыць прадстаўнік універсітэта, фальшывы сайт дзейнічаў некалькі месяцаў. На ім былі размешчаныя сапраўдныя архівы навуковых артыкулаў за перыяд з 2017 года да сярэдзіны 2025-га, што павышала давер карыстальнікаў. Аднак усе матэрыялы, апублікаваныя пасля гэтага перыяду, ужо не з’яўляюцца сапраўднымі і лічацца скампраметаванымі.

Схема махлярства была разлічаная як на аўтараў, так і на навуковую супольнасць у цэлым. Аферысты маглі атрымліваць грошы за публікацыю матэрыялаў, а таксама прапаноўваць аўтарам «паслугі» па павышэнні цытаванасці. У тэорыі гэта магло нават прывесці да трапляння такіх артыкулаў у аўтарытэтныя міжнародныя базы даных, што стварае рызыкі для ўсёй сістэмы навуковых публікацый.

У БДУ падкрэсліваюць, што ўжо прымаюць меры для ліквідацыі падробленага рэсурсу. Навукоўцам і аўтарам рэкамендуюць уважліва правяраць адрасы сайтаў і карыстацца толькі афіцыйнымі крыніцамі, размешчанымі на парталах устаноў — заснавальнікаў выданняў.

Чытайце таксама:

У міліцыі мінчуку патлумачылі, што ён выконваў заданні махляроў. Але ён не паслухаў

Махляры абдурваюць пенсіянераў, абяцаючы выплаты да Дня перамогі

Мінчанка прыехала ў Гомель, засялілася ў гасцініцу і стала чакаць вяртання 200 тысяч рублёў

Пара падманвала мужчын на сайтах знаёмстваў — клюнулі 60 чалавек

Каментары да артыкула