Нацбанк збіраецца знізіць стаўку рэфінансавання
Нацыянальны банк Беларусі ў чэрвені можа знізіць стаўку рэфінансавання. Пра гэта паведаміў яго прадстаўнік Дзмітрый Мурын, каментуючы эканамічную сітуацыю ў краіне.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Па словах Дзмітрыя Мурына, у Беларусі назіраецца запаволенне інфляцыі. На гэта ўплываюць як унутраныя прычыны, так і зніжэнне ўздзеяння знешніх фактараў, у тым ліку імпартаванай інфляцыі.
У Нацбанку лічаць, што цяпер з’яўляюцца ўмовы для больш мяккай грашова-крэдытнай палітыкі. Таму ў чэрвені могуць разгледзець зніжэнне стаўкі рэфінансавання на 0,25 або 0,5 працэнтнага пункта.
Стаўка рэфінансавання — адзін з галоўных фінансавых паказчыкаў у краіне. Ад яе залежаць працэнты па крэдытах і дэпазітах, а таксама агульны кошт грошай для эканомікі. Калі стаўку зніжаюць, крэдыты звычайна становяцца больш даступнымі, але адначасова могуць зніжацца і працэнты па ўкладах.
Апошні раз стаўку змянялі ў чэрвені 2025 года — тады яе павысілі да 9,75% гадавых. Цяпер жа Нацбанк разглядае магчымасць зваротнага кроку.
Канчатковае рашэнне будзе залежаць ад далейшай інфляцыі і агульнай сітуацыі на фінансавым рынку. У Нацбанку падкрэсліваюць, што галоўнай мэтай застаецца стабільнасць эканомікі і прадказальныя ўмовы для людзей і бізнэсу.
Чытайце таксама:
Беларусбанк знізіў стаўкі па крэдытах на жыллё
Грошы беларуса 10 гадоў ляжалі ў банку на дэпазіце. Што з імі стала за гэты час?
Адзін з банкаў вярнуў кліентам амаль чвэрць мільёна рублёў пераплаты за крэдыты