«Дзіўнае жаданне ў гэтыя дні». Зяленскі не рэкамендуе замежным палітыкам ехаць 9 мая ў Маскву
У сваім звароце 7 мая прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што некаторыя краіны, блізкія да Расіі, плануюць адправіць сваіх прадстаўнікоў у Маскву, і назваў такое рашэнне «дзіўным жаданнем».
Уладзімір Зяленскі. Фота: Byron Smith/Getty Images
«У нас ёсць звароты ад некаторых дзяржаў, блізкіх да Расіі, пра тое, што іх прадстаўнікі збіраюцца быць у Маскве. Дзіўнае жаданне ў гэтыя дні. Мы не рэкамендуем», — заявіў Зяленскі ў звароце 7 мая.
Ён таксама нагадаў, што Украіна прапаноўвала Расіі спыніць агонь яшчэ з 6 мая, аднак, паводле яго слоў, у адказ працягнуліся расійскія ўдары і пагрозы.
Зяленскі раскрытыкаваў пазіцыю расійскага кіраўніцтва, заявіўшы, што Масква хоча бяспечна правесці парад, а пасля зноў працягваць вайну.
«Яны хочуць ад Украіны дазволу правесці свой парад, каб бяспечна выйсці на плошчу на гадзіну раз на год, а потым зноў забіваць нашых людзей і ваяваць. Ужо расіяне гавораць пра ўдары пасля 9 мая. Дзіўная і дакладна неадэкватная логіка расійскага кіраўніцтва».
Як раней паведамлялася, у парадзе 9 мая ў Маскве з замежных палітыкаў плануюць удзельнічаць Аляксандр Лукашэнка, лідары Малайзіі і Лаоса, а таксама непрызнаных Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Будзе ў той дзень у Маскве і прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца, але ці пойдзе ён на парад — стане вядома толькі ў той дзень.
Раней Расія абвясціла пра аднабаковае спыненне агню на перыяд з 8 па 10 мая. У адказ Украіна прапанавала ўвесці «рэжым цішыні» ўжо з 6 мая, але Масква не пагадзілася і баявыя дзеянні працягнуліся.
Мінабароны Расіі таксама заяўляла, што ў выпадку спробаў сарваць святкаванне ў Маскве могуць быць нанесеныя масіраваныя ракетныя ўдары па Кіеве.
На фоне пагроз і пытанняў бяспекі больш за 20 гарадоў Расіі і анексаванага Крыма адмянілі парады да Дня Перамогі. У Маскве і шэрагу іншых гарадоў вырашылі праводзіць мерапрыемствы без вайсковай тэхнікі.
Чытайце таксама:
На святкаванне 9 Мая да Пуціна прыедуць Лукашэнка і яшчэ трое кіраўнікоў дзяржаў
Зяленскі: Украіна люстэркава адкажа на расійскія ўдары
Пашынян адмовіўся прысутнічаць на парадзе ў Маскве
У анексаваным Крыме адмовіліся ад правядзення парада на 9 мая і акцыі «Бессмяротны полк»