БЕЛ Ł РУС

Шоўмен Перлін прыехаў у Варшаву і здзівіўся, што там ніхто не святкуе 9 Мая. У каментарах патлумачылі

9.05.2026 / 22:14

Nashaniva.com

Беларускі шоўмен Яўген Перлін 9 мая прыехаў у Варшаву і быў здзіўлены, што тут, у адрозненне ад Мінска, у гэты дзень зусім нічога не нагадвае пра чарговую гадавіну заканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе. Няйнакш палякі пра ўсё забыліся? Але ў каментарах яму хутка ўсё патлумачылі.

Урачыстасці ў Варшаве каля Магілы невядомага салдата 8 мая 2026 года. Фота: www.gov.pl

«Дзіўна мне, што ў горадзе, які вызваляў мой дзед — сёння ні сном ні духам пра перамогу. Купіў кветкі. Прыйшоў да сцяны Варшаўскага гета. Успомніў подзвігі дзеда. Шкада, не застаў яго. Але бацька ўсё расказаў. Варшава, Прага, Балатон, Вена. Перлін Ізраіль Макаравіч, з Днём Перамогі цябе!», — напісаў Яўген Перлін у Threads.

Ягоны пост сабраў дзясяткі каментароў, але толькі некалькі з іх былі вытрыманыя ў той жа танальнасці. Пераважная большасць патлумачыла шоўмену, што на самай справе палякі памятаюць пра тую вайну і яе ахвяр ніяк не менш, чым у Беларусі і іншых постсавецкіх краінах, але ў гэтай памяці ёсць важныя нюансы.

«Польшча не «ігнаруе» заканчэнне Другой сусветнай, але адзначае яго ў іншую дату і ў іншым гістарычным кантэксце — больш еўрапейскім, чым постсавецкім».

«Таму што ты спазніўся. Трэба было прыходзіць […] на дзень Akcja Żonkile, 19‑га красавіка».

«Яўген, вучыце гісторыю і паменш савецкіх газет чытайце».

«У Варшаве вельмі шмат помнікаў загінулым. Усюды дошкі памятныя, крыжы, манументы. І шмат кветак. Варшава памятае вайну так, як у маім беларускім горадзе не памятаюць…»

«Напэўна, яны проста ведаюць пра пратакол Рыбентропа — Молатава».

«Вызваляў? Дзіўнае вызваленне, што Польшча на 45 гадоў была ў саўковай няволі…»

«Дык учора ж быў дзень памяці. А да сцяны Варшаўскага гета можна прыйсці, напрыклад, 1 жніўня [дзень пачатку Варшаўскага паўстання ў 1944 годзе. — Рэд.]. Думаю, там будзе вельмі шмат людзей».

«Не можа такога быць. У Варшаве існавала буйное гета. Тое, што тут няма пышнага парада, зусім не сведчыць пра тое, што ніхто «ні сном ні духам».

«У Польшчы Дзень Памяці 8 мая».

«Яўген, Другая сусветная вайна не роўная Вялікай айчыннай. Другая сусветная пачалася 1 верасня 1939 года, калі Германія ўварвалася на тэрыторыю Польшчы. Напярэдадні быў падпісаны пакт Молатава і Рыбентропа… Самае балючае месца для мяне ў тым, што частка беларускіх земляў уваходзіла тады ў склад Польшчы… Пачытайце гісторыю. Шмат цікавага. І знойдзеце адказы на свае пытанні».

Яўген Перлін раней быў вядучым на БТ, сышоў адтуль у 2020-м. Цяпер вядзе вяселлі і карпаратывы.

Чытайце таксама:

Украінская мадэль згуляла з грузінскім бізнэсменам вяселле ў Канах на 5 мільёнаў еўра. Вядучымі былі Яўген Перлін і Максім Галкін

БТ атакавала Яўгена Перліна, выліўшы на яго новы «кампрамат»

На крамы «Міла» накінуліся за рэкламу з Перліным

Вядучы Яўген Перлін ажаніўся

Каментары да артыкула