БЕЛ Ł РУС

Гэты беларус даследуе рак — вось што ён кажа пра SPF ад меланомы, навуковы прагрэс і самы складаны ў лячэнні рак

13.07.2026 / 09:00

Вера Белацаркоўская

«Чалавек амаль заўжды памірае ад раку, калі не памірае ад нечага раней». Беларус Максім Домніч працуе ў мюнхенскай універсітэцкай клініцы і даследуе сувязь рака і імунітэту. У размове з «Нашай Нівай» навуковец расказвае пра тое, што за гэтым хаваецца, як ад раку ратуюць SPF-сродкі і якія віды раку яшчэ складана лячыць.

Як звязаныя рак і імунітэт

Максім Домніч — навуковы супрацоўнік універсітэцкай клінікі LMU, што ў Мюнхене. Мужчына працуе ў галіне анкаімуналогіі, то-бок даследуе ўзаемадзеянне раку і імуннай сістэмы. Сярод відаў раку, з якімі ён працуе, ёсць, напрыклад, меланома, а таксама рак галавы і шыі.

Калі Максім прыехаў у Германію, ён трапіў на працу ў лабараторыю, дзе займаюцца збольшага нейтрафіламі — клеткамі імунітэту, якія змагаюцца са знешняй агрэсіяй накшталт бактэрый і вірусаў. Але ж анколагам тыя клеткі таксама цікавыя:

«Нейтрафілы ў пэўных умовах могуць дапамагаць раку развівацца. Калі ён узнікае, пухліне трэба месца, каб развівацца, і нейтрафілы гэтаму спрыяюць, бо яны якраз па сваім профілі разбураюць іншыя клеткі.

Максім Домніч. Фота: архіў суразмоўцы

Рак хоча выжыць, таму ён перабудоўвае пад сябе частку імуннай сістэмы. Ён прымушае клеткі імунітэту, якія павінны абараняць наш арганізм, займацца падрыўной дзейнасцю. Ужо адкрыта некалькі механізмаў, як гэта адбываецца, але гэты працэс даволі складаны, і яго вывучаюць шмат у якіх лабараторыях па ўсім свеце».

Максім тлумачыць, што калі перапраграмаваць тыя клеткі назад, у «абаронцаў» арганізма, імунітэт будзе працаваць больш эфектыўна, адпаведна, і лячэнне раку будзе лепш дзейнічаць.

Адзін з метадаў лячэння раку якраз звязаны з імунітэтам. Гэта імунатэрапія, і Максім тлумачыць яе дзеянне на прыкладзе аднаго з яе варыянтаў — інгібіравання імунных кантрольных пунктаў.

Звычайна ў імуннай сістэме ёсць кантрольныя пункты — чэкпойнты. Гэтыя малекулы не даюць імунным клеткам, якія знішчаюць вірусы і пухліны, разбураць здаровыя тканкі. Ракавыя клеткі выстаўляюць на сваёй паверхні бялок-«падманку»: калі імунная клетка набліжаецца да ракавай, гэты бялок сігналізуе, што атакаваць не трэба. 

Чэкпойнт-тэрапія працуе так: спецыяльныя лекі-блакатары прымацоўваюцца да гэтых бялкоў-«падманак» і нейтралізуюць іх, таму імунныя клеткі застаюцца актыўнымі і знішчаюць пухліну.

Прышчэпкі ад ВПЧ? Супер!

Да пераезду ў Германію Максім працаваў у Цэнтры эпідэміялогіі ў Мінску. Тамтэйшая яго лабараторыя займалася ВІЧ-інфекцыяй і гепатытамі В і С, а таксама ВПЧ-інфекцыяй, бо ўсе тыя вірусы часта сустракаюцца «ў камплекце» — напрыклад, пры неабароненым сэксе.

Там ён працаваў у камандзе, якая ў тым ліку генатыпавала вірусы, то-бок атрымлівала іх генетычную паслядоўнасць і глядзела, як вірус муціруе, калі трапляе ў іншы арганізм і іншыя ўмовы — а змяняецца вірус праз тое, што сутыкаецца з імунітэтам носьбіта.

«Цікава сачыць за гэтым, бо, калі ты бачыш, як змяняецца геном, ты можаш выказаць здагадку, як ён зменіцца далей. А тады можна і стварыць тэрапію, якая будзе эфектыўная супраць новых варыянтаў віруса, асабліва цяпер, калі дапамагае ШІ», — тлумачыць Максім.

У Мінску ён з калегамі рабіў персанальную тэрапію для ВІЧ-інфікаваных:

«Ты бярэш вірус, секвенуеш яго (расшыфроўваеш генетычны код віруса. — «НН») і загружаеш вынік у міжнародную базу геномаў ВІЧ. Там можна паглядзець, якія мутацыі робяць той ці іншы прэпарат неэфектыўным. Калі ты бачыш такую мутацыю, разумееш, які прэпарат лепш не прызначаць. 

Потым чалавек прыходзіць праз паўгода, мы робім скрынінг і бачым, ці з’явіліся новыя мутацыі, якія ўплываюць на эфектыўнасць лекаў».

Дарэчы, як навуковец адрэагаваў на навіну, што ў Беларусі пачалі бясплатна прышчапляць дзяўчат ад ВПЧ?

«Гэта супер, гэта адзін са спосабаў спыніць ВПЧ-пандэмію. Вельмі шмат людзей калі не хварэюць на ВПЧ-асацыяваныя хваробы, то з’яўляюцца носьбітамі віруса. 

Вірус ВПЧ трапляе ў наш арганізм і можа жыць у ім 10, 20, 30 гадоў, ён убудоўваецца ў геном клетак і размнажаецца, але імунітэт бачыць тыя вірусныя часцінкі і забівае іх. Але калі з нейкай нагоды імунітэт здае, пачынаецца інфекцыя. Тады гэта складана спыніць, бо вірус размнажаецца хутчэй, чым імунітэт здольны даць яму рады».

Вакцынацыя — самы эфектыўны, бяспечны і танны спосаб спыніць тыя працэсы, кажа навуковец. 

Чаму SPF-сродкі — не маркетынгавая хлусня

Адзін з відаў раку, моцна звязаных з імунітэтам, — гэта рак скуры, меланома. І гэта хвароба, да прафілактыкі якой ёсць шмат пытанняў. Здаецца, усе ведаюць, што падазроныя радзімкі трэба паказваць дактарам, але што наконт SPF-крэмаў, якія нам так настойліва раяць у апошнія гады выкарыстоўваць штодзень? Ці сапраўды яны патрэбныя?

Максім упэўнены, што гэта не пустое, і тлумачыць механізм:

«Рак з’яўляецца тады, калі накопліваецца пэўны ўзровень уздзеяння на тую ці іншую тканку, у выпадку з меланомай гэта скура. У сонечным святле вельмі шмат ультрафіялетавага выпраменьвання, а яно пашкоджвае нашу ДНК. 

Яна аднаўляецца, у клеткі ёсць шмат механізмаў, каб такое рабіць. І яе трэба аднаўляць, бо без ДНК у нашым арганізме не будуць вырабляцца бялкі, а з бялкоў у нашым арганізме складаецца практычна ўсё».

Напрыклад, ДНК клеткі разбураная, і клетка не можа выпрацаваць бялкі, якія запусцілі б працэс разбурэння хворай клеткі. Ёсць шмат перастраховачных механізмаў, але ў вельмі рэдкіх выпадках можа атрымацца так, што тая хворая клетка не памрэ. Часцей за ўсё ў такім выпадку клеткі імунітэту разумеюць, што з той клеткай нешта не тое, і знішчаюць яе, але ў нейкіх выпадках і гэтага можа не адбыцца, і тады клетка можа ператварыцца ў ракавую.

«Калі людзі працуюць на сонцы, не карыстаюцца SPF-сродкамі і пры гэтым у іх няма меланомы — гэта хутчэй выключэнне з правілаў. У нейкі момант гэта дакладна з імі здарыцца, і ўвогуле, чалавек амаль заўжды памірае ад раку, калі не памірае ад нечага раней. 

У большасці выпадкаў, калі ты не памрэш ад інфаркту ці інсульту, ты памрэш ад раку. Бо ў нейкі момант рэсурсы па аднаўленні ДНК будуць вычарпаныя і клеткі проста не змогуць сябе аднаўляць, яны пачнуць дрэнна функцыянаваць і ў нейкі момант ператворацца ў ракавыя», — кажа навуковец.

Большасць SPF-сродкаў змяшчаюць малекулы рэчываў, якія маюць у сваёй структуры бензольнае кальцо (арганічныя УФ-фільтры). Калі скура не абароненая, прамень сонечнага святла наносіць шкоду клетцы. Але тыя малекулы, вытворныя ад бензолу, дапамагаюць рассейваць энергію праменя як цяпло і дапамагае паменшыць уздзеянне сонца на клеткі.

А ці трэба такія сродкі простаму беларусу, які працуе ў памяшканні і жыве не ў самым сонечным клімаце? Навуковец раіць звяртаць увагу на УФ-індэкс, які можна праверыць у любым прагнозе надвор’я анлайн — чым большы той індэкс, тым больш ультрафіялетавага спектра ёсць у сонечным святле, а значыць, тым большая неабходнасць абароны.

«Кожны выпадак унікальны, але працягласць жыцця з любым ракам значна вырасла»

Цяпер, кажа Максім, даследчыкі шмат працуюць, каб удасканальваць імунную чэкпойнт-тэрапію — маўляў, яна вельмі эфектыўная для пэўных відаў раку. Таксама вучоныя шукаюць спосабы перанастройваць імунную сістэму, каб прымусіць яе выконваць свае функцыі і змагацца з ракам.

Яшчэ анколагі вывучаюць, як у барацьбе з ракам выкарыстоўваць механізм CRISPR-Cas9 — тэхналогію, што дазваляе выразаць ці замяняць фрагменты геному.

«ДНК — гэта нібыта падрабязная інструкцыя для збірання мэблі, бо там запісана, як сабраць той ці іншы бялок, каб ён працаваў правільна. Напрыклад, вы купілі новую кватэру і вырашылі туды набыць мэблю. Адна адзінка сабранай мэблі — гэта бялок, а інструкцыя да яе — гэта ген», — тлумачыць Максім.

І вось як тут спрацуе механізм CRISPR-Cas9:

«Уявім, што мы знайшлі ў ракавых клетках нейкія бялкі ці малекулы, якіх няма ў іншых клетках, і яны важныя для выжывання клеткі. З дапамогай таго механізма можна было б выразаць тыя гены з ракавых клетак, і тады яны б перасталі функцыянаваць».

У анкалогіі цяпер шмат перспектыўных кірункаў. Усё дзякуючы ШІ, які дапамагае аналізаваць базы даных:

«Накапілася вельмі шмат інфармацыі, якую дужа складана аналізаваць, бо людзі не маюць на гэта часу. Ты не можаш усё ўзважыць, правесці паралелі, зрабіць нейкую выснову, бо табе проста не хапае магчымасцяў для аналізу. 

А з дапамогай ШІ можна ўсё гэта зрабіць, знайсці нейкія заканамернасці, якія ты сам не бачыш. І гэтыя заканамернасці потым звычайна правяраюцца. Ці выкарыстоўваюць нейкія лекі, і калі раней ты мог праверыць некалькі параметраў па эфекце тых лекаў, то цяпер можна праверыць дзясяткі ці сотні параметраў».

Аперацыйная ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ў Мінску. Фота: РНПЦ

Пры ўсіх тых навуковых дасягненнях, ці ёсць на сёння віды раку, якія па-ранейшаму безнадзейныя? За апошнія 10‑20 гадоў, кажа Максім, навукоўцы знайшлі вельмі шмат спосабаў, як лячыць рак, проста шмат з іх дагэтуль знаходзяцца ў стадыі тэставання і распрацоўкі. 

«Калі мы знойдзем у лабараторыі нейкае рэчыва ці механізм, якія дапамогуць лячыць той ці іншы рак, то да з’яўлення першых камерцыйных прэпаратаў пройдуць дзясяткі гадоў.

Гэта не фармазмова. Проста, калі ты нешта блакуеш, звязанае з пухлінай, ты не ведаеш, як той эксперымент адаб’ецца на ўсім арганізме. Ці ты зрабіў эксперымент на мышах, але чалавек — гэта іншы арганізм, і тое, што працуе на мышах, не абавязкова на ім спрацуе», — тлумачыць навуковец.

І тым не менш, даследчыкам адназначна ёсць чым пахваліцца:

«Выжывальнасць людзей з ракам галавы і шыі 20 гадоў таму была меншая за 50%, цяпер яна каля 70%. Дадаць 20% за 20 гадоў — гэта вялікі поспех! Калі ў 2000‑я гады па статыстыцы чалавек з такім дыягназам пражыў бы, напрыклад, 5‑7 гадоў, цяпер той жа чалавек можа пражыць 10‑15 гадоў.

Кожны выпадак унікальны. Але калі ўзяць статыстыку, то працягласць жыцця з любымі відамі ракаў значна павялічылася».

Аднак ёсць віды раку, якія цяжэй паддаюцца навукоўцам — гэта рак мозга і ўсе звязаныя з ім ракі. Іх лячыць вельмі складана, бо паміж мозгам і целам ёсць гематаэнцэфалічны бар’ер, які не дае шмат якім рэчывам і імунным клеткам трапляць у мозг. Прырода спецыяльна стварыла той бар’ер, бо мозг уразлівы, і любыя яго пашкоджанні могуць моцна паўплываць на арганізм. 

«Таму, каб лячыць рак мозга, трэба знайсці такія малекулы, якія будуць праходзіць праз той бар’ер і ў той жа час не шкодзіць здаровым клеткам, а працаваць толькі па хворых. Мы можам сабе дазволіць лакальныя пашкоджанні іншых органаў, але лакальныя пашкоджанні мозга могуць выклікаць вялікія праблемы», — кажа Максім.

Чытайце таксама:

Чаму цяпер так шмат кляшчоў і што з гэтым рабіць?

Ці магчымы другі Чарнобыль? І што цяпер робяць людзі на той АЭС? Навукоўка адказвае на важныя пытанні

Чаму амерыканцы так ірвуцца на Месяц, што там будуць здабываць? І што да таго беларусам? Тлумачыць беларускі астрафізік

Каментары да артыкула