Чаму амерыканцы так ірвуцца на Месяц, што там будуць здабываць? І што да таго беларусам? Тлумачыць беларускі астрафізік
Цяперашні палёт «Арыёна» да Месяца — гэта не фэйк? І чым ён адрозніваецца ад місіі «Апалона» ў 1972-м? І чаму вакол яго столькі размоў? Распыталі астрафізіка Івана Сіўцова пра ўсё, што вы не даганяеце наконт цяперашняй місіі.

Галоўнае пытанне пра Месяц
Цяпер, калі астранаўты з місіі «Артэміда-2» накіраваліся да Месяца, шмат людзей дзеляцца ў інтэрнэце сумневамі, што гэтая місія ўвогуле рэальная. Міф пра тое, што высадкі амерыканцаў 50 гадоў таму на Месяц знятыя ў Галівудзе, атрымаў другое дыханне.
Іван мае досвед у працы над «Вікіпедыяй» і таму добра вывучыў аргументы канспіролагаў — даводзілася сачыць, каб гэтыя ідэі не трапілі ў «Вікіпедыю». І вось пра што ён ім прапануе падумаць:
«Амерыканцы даставілі на Зямлю месяцовы грунт, і па сваіх асноўных характарыстыках ён супадае з тым грунтам, які дастаўлялі з Месяца савецкія аўтаматычныя станцыі. Прычым амерыканцы за ўсе экспедыцыі прывезлі каля 380 кг, а савецкія станцыі — каля 300 грамаў.
Гэты грунт ёсць у лабараторыях па ўсім свеце, яго і цяпер даследуюць. І калі вы маеце ідэю прыкольнага даследавання наконт гэтага грунту, вы можаце даслаць яе ў NASA, і яны вам могуць прыслаць некалькі грамаў з таго грунту».

Ёсць, аднак, канспіролагі, якія ідуць далей і кажуць, што хаця грунт і месяцовы, але і амерыканцы яго даставілі з дапамогай аўтаматычных станцый. Але, смяецца Сіўцоў, усё гэта — толькі спробы выратаваць канспіралагічную тэорыю.
Чалавецтва рвецца на Месяц. Гэта амбіцыйней, чым здаецца на першы погляд
Чаму ў свеце так захапляюцца цяперашняй місіяй? Бо атрымліваецца, што палёт да Месяца — гэта не ўнікальнае дасягненне, ды і сучасныя тэхналогіі нашмат лепшыя, чым у 1969-м, калі на Месяцы ўпершыню з’явіўся чалавек.
Іван нагадвае, што хаця тэхналогіі і палепшалі, але мы не былі на Месяцы ажно з 1972 года. Ды і цяперашнія місіі ўсё-такі ўнікальныя, бо сёння жаданні ў амерыканцаў нашмат больш амбіцыйныя:
«Мэтай праграмы «Апалон» было паставіць першымі бот на Месяц, каб паказаць, што Амерыка — галоўная касмічная дзяржава. У цяперашняй праграме «Артэміда» таксама вельмі важны прэстыж, але ёсць і больш істотная частка, бо ў яе выніку на Месяцы павінна з’явіцца пастаянная база.

Такая база можа быць добрым трамплінам для экспедыцый на іншыя планеты, бо з Месяца стартаваць значна прасцей. Караблю трэба мець нашмат меншую хуткасць, каб адарвацца ад Месяца, чым калі б ён стартаваў з Зямлі».
Адпаведна, кажа Сіўцоў, для такой ракеты трэба было б нашмат менш паліва. Цяперашняя ракета SLS, якая павезла да Месяца ўдзельнікаў «Артэміды-2», мае памер з дзесяціпавярховы будынак, а для старту з Месяца будзе хапаць ракеты з двухпавярховы будынак.
Таму, на думку Івана, калі на Месяцы з’явіцца пастаянная база, гэта вельмі паспрыяе асваенню іншых планет Сонечнай сістэмы. Дарэчы, ці спраўдзяцца ўсе тыя амбіцыйныя планы?
«Думаю, што калі не будзе нечага нечаканага накшталт сусветнай вайны, то гэтыя планы спраўдзяцца, бо калі базу не паставяць Штаты, гэта зробіць Кітай. У іх таксама ёсць планы пабудаваць базу на Месяцы, але ў сярэдзіне 2030-х, а ЗША хочуць справіцца да 2030 года (Беларусь збіраецца дапамагчы Кітаю і Расіі будаваць тую базу — НН).
А так планы ў іх аднолькавыя. І Кітай, і ЗША збіраюцца даследаваць Сонечную сістэму, абапіраючыся на месяцовую базу. Калі будуць грошы, то база будзе, з тэхнічнага пункту гледжання перашкодаў няма», — разважае Сіўцоў.
Акрамя будаўніцтва базы, у чалавецтва на Месяцы можа знайсціся яшчэ адзін цікавы занятак. Гаворка пра здабычу рэсурсаў, і асабліва часта ў гэтым кантэксце згадваюць гелій-3 — патэнцыйнае і вельмі энергаэфектыўнае паліва для рухавікоў на аснове тэрмаядзернага сінтэзу, якія цяпер распрацоўваюцца. Гэты гелій-3 яшчэ і бяспечны, экалагічна чысты і карысны для ахалоджвання тэхнікі да вельмі нізкіх тэмператур, што патрэбна для працы квантавых камп’ютараў. На Зямлі яго атрымліваць вельмі складана, а вось на Месяцы таго ізатопу хапае.
Незразумела, як магла б быць арганізавана здабыча гелію-3 на Месяцы, але першыя кантракты на яго пастаўку ўжо падпісаныя. Іван, аднак, мае пытанні наконт таго, як магла б ажыццяўляцца здабыча іншых рэсурсаў на Месяцы:
«Падняць ракету з Месяца ў космас значна лягчэй, чым з Зямлі, але гэта ўсё роўна дорага. І той самы гелій-3 — напэўна, адзінае, што было б прасцей здабываць на Месяцы, чым на Зямлі».

Такім чынам, цяпер часы новай касмічнай, а то і ўвогуле навуковай гонкі паміж Кітаем і Штатамі. Гэта, лічыць Сіўцоў, вельмі карысна для навукі — бо ў такім выпадку палітыкі не шкадуюць на яе грошы.
Ці вернецца «Арыён» бяспечна на Зямлю?
Цяперашні палёт — тэставы, каб праверыць, якія сістэмы карабля патрабуюць паляпшэнняў. Пэўныя праблемы ўжо выявіліся: гэта і знакаміты карабельны туалет, які часткова ламаўся некалькі разоў, і, напрыклад, некаторыя правады, якія чамусьці пераграюцца.
Іван расказвае, што ў экіпажа «Арыёна» ўжо быў адзін сур’ёзны інцыдэнт, пра які мала казалі ў СМІ:
«У іх адмовіла сістэма нагнятання гелію ў бакі, патрэбная, каб паліва выходзіла і гарэла, экіпажу давялося пераключыцца на рэзервную сістэму. Калі б у палёце зламаліся абедзве гэтыя сістэмы, экіпаж меў бы вялікія праблемы. Не было б ніякай гутаркі пра навуковыя даследаванні, пытанне было б у тым, як вярнуць людзей жывымі.
Немагчыма гарантаваць ім поўную бяспеку, але будуць зробленыя ўсе намаганні».
Спецыялісты NASA, кажа Іван, вельмі паранаідальныя – і навукоўцу гэта падабаецца:
«Яны заўжды ўсё робяць пакрокава, патрабуюць бяспекі на кожным этапе. У наступнай місіі яны будуць тэсціраваць сістэмы стыкоўкі з месяцовым модулем, які пазней і будзе садзіцца на Месяц, гэты модуль будзе выводзіць іншая ракета. І толькі пасля той місіі будзе высадка на Месяц».

Цяпер, аднак, самыя складаныя этапы місіі ўжо пройдзеныя, і траекторыя палёту сама выведзе «Арыён» да Зямлі: Іван мяркуе, што гэта здарыцца, нават калі ўсе звязаныя з рухам сістэмы карабля зламаюцца.
У асваенні космасу ёсць практычны сэнс — хутчэй за ўсё, яго вы адчуеце на сябе
З тэхнічным бокам і планамі разабраліся. Але навошта гэта ўсё? Навошта імкнуцца кудысьці ў космас, калі ёсць багата праблем на Зямлі?
Іван разважае, што асваенне Месяца, а ў перспектыве і Марса, павысіць устойлівасць чалавецтва — маўляў, калі з зямлянамі нешта здарыцца, але пры гэтым будуць самастойныя базы на іншых планетах, гэта дасць чалавецтву шанс выжыць. Ды і на кожным новым месцы, лічыць Іван, у людзей будуць з’яўляцца новыя магчымасці.
Але і без гэтага асваенне космасу прынясе карысць, адчувальную і для нас з вамі. Іван звязвае гэта з дыскусіямі наконт карысці фундаментальнай навукі ў параўнанні з прыкладной — маўляў, адкрылі мы, з чаго створаны атам, і што нам з гэтага?
«Асноўны вынік гэтых з’яў для простага чалавека — гэта спін-офы, вынаходніцтвы, распрацаваныя з тых тэхналогій, якія былі створаныя для пэўных навуковых праектаў. Напрыклад, арганізацыя ЦЕРН разганяе ў Вялікім гадронным калайдары пратоны з пазітронамі, накіроўвае іх адзін у аднаго і глядзіць, што атрымліваецца.
Здаецца, яны проста марнуюць грошы. А потым выяўляецца, што навукоўцы ў ЦЕРН стварылі інтэрнэт у тым выглядзе, у якім мы яго ведаем, бо ён ім быў патрэбны для працы», — тлумачыць Іван.
Ранейшыя праграмы па асваенні космасу таксама падарылі людзям тэхналогіі, якімі мы карыстаемся штодзень. Напрыклад, гэта матэрыял з «памяццю» для матрасаў і падушак, створаны некалі, каб змякчыць перагрузкі ў касмічных караблях. Ці мікрачыпы — іх не стваралі для «Апалона», але NASA набывала іх так шмат, што гэта стымулявала развіццё цэлай галіны.

Зрэшты, ёсць у асваенні космасу і вялікі філасофскі сэнс:
«На маю думку, самае важнае ў гэтым — тое, што чалавецтва выйшла на наступны пік свайго развіцця. Мне здаецца, што калі мы лёталі на Месяц у 70-я, гэта быў наш пік, і цяпер мы туды вяртаемся, то-бок мы дасягнулі таго ж пункту, а то і перараслі яго.
Фантасты шмат папярэджвалі, што калі мы схаваемся ў сваім кокане і будзем займацца ўнутранымі справамі, паляпшаць жыццё на Зямлі і не глядзець на зоркі, гэта можа дрэнна скончыцца. Я думаю, што мы павінны глядзець на зоркі. Цяпер мы зноў гэта робім, і гэта пазітыўны знак».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Тут нейкую сраную геліевую помпу зрабіць ня ў стане, каб яна не закандобілася, а зьбіраюцца лезьці гаспадарыць на Месяц... Кшталту, калісьці ж трэба пачынаць, бо тэхналягічна нешта ўжо можам, а як - ня важна, галоўнае пачаць, а там метадам спроб і памылак, пакрокава ... Знаёмства з электрычнасьцю пачынаюць навобмацак, пальцам у разетцы, так і тут...
Сорамна.
Аполлонов был не один, а 17. Итого в самих аппаратах было всего 24 человека. Под конец они туда летали как "на выходные". В Хьюстоне в центре управления было несколько тысяч человек на поддержке полётов. И что, вы хотите сказать, что за 50 лет никто из этой толпы народа не раскололся про Голливуд???!!! Вы серьёзно? И это принимая во внимание постоянные истории типа Сноудена, Ассанжа, Эпштейна и прочих? И это во времена конкуренции государств и войн различных спецслужб?
Надеюсь я закрыл вопрос?