БЕЛ Ł РУС

Пажар патушылі, але кватэры залілі. Спецыялісты пра тое, як ацаніць шкоду

30.06.2026 / 14:45

Nashaniva.com

Два дні таму ў сталінцы на вуліцы Леніна ў Мінску адбыўся рэзанансны пажар. Спачатку гараджан здзівіў маштаб узгарання: агонь закрануў больш за 1000 кв. м гарышча і даху. Потым сталі вядомыя сумныя наступствы тушэння пажару: дзясяткі кватэр былі залітыя вадой.

Фота: Onliner.by

Людзям давядзецца ацэньваць прычыненую пажарам шкоду і думаць, што рабіць далей. У Дзяржкаммаёмасці расказалі, як менавіта праводзіцца такая ацэнка, піша Onliner.by.

— У Мінскім гарадскім агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры працуе аддзел судовых экспертыз і ацэнкі, — паведамілі ў камітэце. — Спецыялісты вызначаюць стан канструкцый пасля пажару або затаплення, фіксуюць пашкоджанні і разлічваюць кошт аднаўленчых работ. Заключэнне мае юрыдычную сілу — яго можна выкарыстоўваць для страхавых выплат або ў судзе.

Спецыялісты ацэньваюць два аспекты: наступствы пажару і наступствы затаплення.

— Ацэнка наступстваў пажару — гэта шматэтапны працэс. Неабходна правесці агляд і фіксацыю зон гарэння, ацэнку схаваных пашкоджанняў, пры неабходнасці — раскрыццё канструкцый. Улічваюцца ўсе фактары: агонь, дым, вада пры тушэнні.

Эксперты вызначаюць, у якім стане знаходзяцца канструкцыі, якія працы патрэбныя для аднаўлення і які кошт аб’екта пасля здарэння. Вось якія дакументы трэба падаць: дакументы, што пацвярджаюць права ўласнасці, тэхпашпарт, акт аб пажары, акт страхавання (пры наяўнасці), тэхнічнае заключэнне (пры раскрыцці канструкцый).

— Затапленне часта нясе схаваную шкоду, якая праяўляецца з часам. Эксперт фіксуе бачныя пашкоджанні і прагназуе доўгатэрміновыя наступствы: разбурэнне тынкоўкі, карозію праводкі, рызыку з’яўлення цвілі. За паслугай звяртаюцца як пацярпелыя, так і вінаватыя — калі не згодныя з сумай кампенсацыі.

Ад уласніка ў гэтым выпадку патрабуюцца наступныя дакументы: пасведчанне аб рэгістрацыі, тэхпашпарт, акт аб затапленні, дэфектны акт (праз 20 дзён), чэкі на матэрыялы (пры наяўнасці), тэхнічнае заключэнне (пры раскрыцці канструкцый).

У Дзяржкаммаёмасці падкрэсліваюць:

— Ацэнка пасля пажару або затаплення — гэта гарантыя аб’ектыўнага, юрыдычна значнага заключэння. Спецыялісты ўлічваюць прамыя і ўскосныя наступствы, што дазваляе дакладна вызначыць памер шкоды і стан аб’екта.

Чытайце таксама:

Як выглядаюць кватэры ў доме ў цэнтры Мінска пасля пажару ФОТЫ, ВІДЭА

Ва ўчорашнім пажары ў Мінску згарэла прастора для мерапрыемстваў, якая адкрылася толькі тры месяцы таму

«Мы ў шоку і разгубленасці». Што адбываецца на месцы пажару ў доме ў цэнтры Мінска

Каментары да артыкула