УСУ нанеслі ўдар па Цэнтру касмічнай сувязі расійскай арміі пад Масквой
У Падмаскоўі быў пашкоджаны цэнтр спадарожнікавай сувязі 14‑га Галоўнага цэнтра сувязі Генштаба Узброеных сіл Расіі, размешчаны ў раёне пасёлка Белаомут на поўдзень ад Масквы. Упраўленне стратэгічных камунікацый (СтратКам) Генштаба УСУ паведамляе, што ўдар па ім быў нанесены 26 чэрвеня.
«Гэта найбольш мадэрнізаваны і магутны вузел сувязі ўзброеных сіл дзяржавы-агрэсара ў цэнтральным рэгіёне РФ.
Сілы абароны Украіны паразілі асноўны тэхнічны будынак, вялікія антэны і вежу з парабалічнымі антэнамі (частка з якіх знішчаная)», — паведаміў СтратКам.
На апублікаваных у сеціве кадрах бачнае пашкоджанне як мінімум адной спадарожнікавай антэны на даху будынка. Праўда, што ў комплексе знаходзяцца і іншыя антэны і абсталяванне, таму адзінкавае пашкоджанне не абавязкова азначае вывад са строю ўсяго аб’екта.
Эксперты, якія аналізавалі відэа, адзначаюць, што па наяўных матэрыялах складана вызначыць маштаб шкоды: незразумела, ці закрануты толькі вонкавыя элементы, ці таксама ўнутраныя вузлы сувязі.
Гэты аб’ект уваходзіць у сістэму вайсковай спадарожнікавай сувязі, якая забяспечвае сувязь для найвышэйшага ўзроўню вайсковага кіравання. Яна выкарыстоўваецца для перадачы зашыфраванай камунікацыі, у тым ліку паміж кіраўніцтвам Міністэрства абароны, Генштабам і іншымі цэнтральнымі органамі.
Гэты ўдар — частка кампаніі па абмежаванні касмічнай сувязі, якую пачала Украіна ў апошнія тыдні. 22 чэрвеня быў атакаваны цэнтр касмічнай сувязі «Дубна» пад Масквой, 24 чэрвеня — «Уладзімір» у Гусі-Хрустальным. 30 ліпеня Уладзімір Зяленскі паведаміў пра новую атаку на «Дубна»: у ёй, паводле даных Supernova+, загінуў адзін вайсковец і былі пашкоджаныя лакацыйныя антэны ды частка абсталявання.
Чытайце таксама:
«Яндэкс» схаваў на сваіх картах 119 аб’ектаў у Расіі
УСУ крытычна пашкодзілі Цэнтр касмічнай сувязі ў Гусі-Хрустальным за Масквою
Генштаб УСУ паведаміў пра ўдар па цэнтры касмічнай сувязі ў Падмаскоўі