БЕЛ Ł РУС

Выпісалі з бальніцы трэнера, чыя жонка загінула пры пападанні дрона ў аўтобус у Бранскай вобласці ў чэрвені

2.07.2026 / 20:04

Nashaniva.com

З мінскай бальніцы выпісалі дзіцячага трэнера Аляксея Гарошку, які пацярпеў падчас інцыдэнту з аўтобусам у Бранскай вобласці Расіі ў чэрвені, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Аляксей Гарошка. Скрыншот з відэа

Паведамляецца, што мужчына прайшоў некалькі складаных аперацый і двухтыднёвую рэабілітацыю ў 432‑м Галоўным вайсковым клінічным медыцынскім цэнтры. Пасля завяршэння стацыянарнага лячэння яго выпісалі, далейшае аднаўленне будзе працягвацца амбулаторна.

Медыкі адзначаюць, што лячэнне такіх пацыентаў патрабуе сумеснай працы розных спецыялістаў — хірургаў, псіхатэрапеўтаў і іншых дактароў. Асобна падкрэсліваецца важнасць псіхалагічнай падтрымкі падчас рэабілітацыі.

Па словах дактароў, трэнер больш за ўсё перажываў не за ўласнае здароўе, а за сваіх выхаванцаў, якія таксама пацярпелі ў тым жа інцыдэнце. Падтрымку яму аказвалі і калегі, і бацькі дзяцей, а самі юныя футбалісты запісалі відэазварот са словамі падтрымкі і пажаданнямі хутчэйшага выздараўлення.

Медыкі паведамляюць, што стан пацыента дазваляе працягваць аднаўленне дома. Сам Аляксей Гарошка адзначае, што хоча вярнуцца да працы і працягнуць трэніроўкі пасля поўнага аднаўлення.

Пры гэтым у сюжэце чамусьці абмінаецца ўвагай, што падчас таго самага інцыдэнту ў тым аўтобусе загінула жонка Аляксея Гарошкі — 44‑гадовая Вікторыя Грыцэнка (Гарошка).

17 чэрвеня ў Бранскай вобласці быў пашкоджаны аўтобус, які перавозіў дзяцей з футбольнай каманды дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы №2 горада Рэчыцы, а таксама навучэнцаў прыватнай танцавальнай студыі. Як сцвярджаюць расійскія ўлады, удар быў нібыта нанесены ўкраінскім беспілотнікам. Украінскі бок сваю датычнасць рашуча аспрэчвае.

У выніку здарэння загінула жанчына, якая суправаджала групу дзяцей і была жонкай трэнера каманды — гэтага самага Аляксея Гарошкі. Яшчэ восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей, атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.

Чытайце таксама:

«Бачу, нешта шэрае ляціць. Атрымала асколак». Пацярпелыя дзеці з аўтобуса распавялі, што здарылася ў Бранскай вобласці

Хлопчык, які знаходзіўся на ШВЛ пасля інцыдэнту з беларускім аўтобусам у Бранскай вобласці, ужо дыхае самастойна

У Мінздароўя расказалі пра стан пацярпелых ад удару дрона ў Бранскай вобласці

Лукашэнка загадаў забараніць арганізаваныя паездкі дзяцей за мяжу без дазволу дзяржавы

Беларускія турфірмы тэрмінова пераробліваюць аўтобусныя маршруты ў Грузію — час у дарозе павялічваецца на 4‑5 гадзін

Каментары да артыкула