Сусветны крызіс фертыльнасці: 54 мільёны жанчын не могуць зацяжараць
Глабальная тэндэнцыя адкладзенага мацярынства прывяла да рэкорднага росту колькасці жанчын, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі з зачаццем пасля 35 гадоў. Сацыяльныя зрухі і біялагічныя фактары ператвараюць узроставае бясплоддзе ў сур’ёзны выклік для сістэм аховы здароўя.
Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Lesia Sementsova / Vecteezy.com
Як піша Daily Mail, даследчыкі з Чунцынскага медыцынскага ўніверсітэта прааналізавалі медыцынскія даныя з 204 краін за перыяд з 1990 па 2023 год, каб ацаніць, як з цягам часу змяняўся «цяжар бясплоддзя» сярод жанчын ва ўзросце ад 35 да 49 гадоў. Пад бясплоддзем разумелася немагчымасць дасягнуць клінічна пацверджанай цяжарнасці пасля 12 месяцаў рэгулярнага неабароненага палавога жыцця.
Даследчыкі адзначаюць, што паказчык бясплоддзя ў гэтай узроставай групе вырас з прыкладна 6001 выпадку на 100 тысяч жанчын у 1990 годзе да 6907 выпадкаў на 100 тысяч у 2023-м.
Паводле разлікаў, у 2023 годзе ў свеце налічвалася каля 53,6 мільёна жанчын ва ўзросце ад 35 да 49 гадоў, якія адпавядалі гэтаму крытэрыю. Калі цяперашняя тэндэнцыя захаваецца, то да 2036 года іх колькасць можа павялічыцца да 79,6 мільёна.
Для аналізу жанчын падзялілі на тры ўзроставыя групы: 35—39, 40—44 і 45—49 гадоў. Паводле прагнозу, рост чакаецца ва ўсіх трох групах, аднак найбольш хутка ён будзе адбывацца сярод жанчын ва ўзросце 35—39 гадоў.
Аўтары падкрэсліваюць, што гэта не азначае, нібы жанчыны ў канцы трыццатых гадоў маюць больш высокую верагоднасць бясплоддзя, чым жанчыны пасля сарака. Фертыльнасць працягвае натуральным чынам зніжацца з узростам з-за памяншэння колькасці і якасці яйцаклетак. Атрыманы вынік сведчыць пра іншае: менавіта ў маладзейшай частцы гэтай узроставай групы найбольш хутка павялічваецца агульная колькасць выпадкаў бясплоддзя.
У чым прычыны?
На думку даследчыкаў, адна з галоўных прычын у тым, што ўсё больш жанчын адкладваюць нараджэнне дзяцей да канца трэцяга дзясятка жыцця або пазней, надаючы ўвагу адукацыі і прафесійнай кар'еры. Аднак да таго часу, калі яны адчуваюць гатоўнасць стварыць сям'ю, іх рэпрадуктыўная здольнасць можа істотна знізіцца.
Аўтары даследавання таксама адзначаюць, што на фертыльнасць могуць уплываць атлусценне і стрэс. Яшчэ адной прычынай можа быць пашырэнне доступу да дыягностыкі і дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій, дзякуючы чаму ўсё больш жанчын звяртаюцца па медыцынскую дапамогу, а выпадкі бясплоддзя часцей выяўляюцца.
Праблема бясплоддзя відавочная не толькі ў бедных краінах. Даныя паказваюць зрух у бок краін з высокім узроўнем даходу і больш развітых дзяржаў, што, верагодна, тлумачыцца познім мацярынствам, старэннем насельніцтва і зменай рэпрадуктыўных мадэляў.
Тым не менш, жанчыны ў рэгіёнах з нізкім узроўнем даходу па-ранейшаму сутыкаюцца з сур'ёзнымі перашкодамі, асабліва таму, што тэставанне і лячэнне бясплоддзя там часта цяжкадаступныя.
Паводле даных за 2023 год, самыя высокія паказчыкі бясплоддзя сярод жанчын ва ўзросце 35‑49 гадоў адзначаліся ва Усходняй Азіі, а самыя нізкія — у Аўстраліі і Новай Зеландыі. Сярод асобных краін лідарам па гэтым паказчыку стала Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, а найменшае значэнне было зафіксавана ў Непале.
Навукоўцы падкрэсліваюць, што бясплоддзе нельга разглядаць выключна як медыцынскі дыягназ. Гэта комплексная праблема, якая цягне за сабой псіхалагічныя траўмы, стыгматызацыю, значныя выдаткі на абследаванне і лячэнне, напружанасць у адносінах. У маштабах дзяржаў гэта прыводзіць да паскарэння старэння насельніцтва і скарачэння колькасці працаздольных грамадзян.
У сувязі з гэтым эксперты настойваюць на неабходнасці перагляду прыярытэтаў аховы здароўя: падтрымка фертыльнасці, ранняе выяўленне праблем і пашырэнне доступу да медыцынскай дапамогі павінны стаць важнай часткай дзяржаўнай палітыкі ва ўсім свеце.
Чытайце таксама:
Чаму нараджальнасць падае значна больш імкліва, чым чакалася? Аналіз даных выявіў нечаканую прычыну
Беларусь увайшла ў спіс краін свету з самай нізкай нараджальнасцю