БЕЛ Ł РУС

«Цяперашні статус недалёкі ад бамжацкага». Былы палітвязень Ігар Карней расказаў пра праблемы з легалізацыяй

10.07.2026 / 19:15

Nashaniva.com

Былы журналіст «Радыё Свабода», а пасля палітвязень Ігар Карней цяпер жыве разам з сям'ёй на партугальскіх Азорскіх астравах. Ён расказаў у фэйсбуку, што цяпер у яго скончылася літоўская гадавая віза, якая давала магчымасць легальна жыць у Еўрапейскім Саюзе, а атрымаць нейкія дакументы ад партугальскіх уладаў — той яшчэ квэст.

Ігар Карней. Фота: facebook.com/ihar.karnei

Урэшце скончылася і апошняя паперка, якая надавала хоць нейкай легітымнасці на гэтым свеце. Гэта я пра нацыянальную літоўскую візу, якую атрымаў неўзабаве пасля чэрвеньскага выдварэння-2025 — першай з больш-менш масавых здзелак у гандлі палітвязнямі.

Дакладней, спачатку была кароткая двухтыднёвая, аформленая проста на памежным пераходзе ў Медніках — яшчэ вочы не паспелі прызвычаіцца да святла пасля гэбэшных мяхоў. А ўжо на падставе хадайніцтва праваабаронцаў і колішніх працадаўцаў летась 10 ліпеня апгрэйдзілі да гадавой — менавіта яе тэрмін і падышоў да фінішу.

Канцоўку таго паваротнага лета прысвяціў спатканням з сябрамі ды роднымі ў Літве і Польшчы, а з пачаткам восені ўз’яднаўся з [жонкай] Інай і малодшай Евай на Азорах, дзе за два папярэднія гады яны ўжо абзавяліся дазволам на жыхарства.

Спатрэбіліся яшчэ больш за паўгода бюракратычных лабірынтаў, каб у канцы сакавіка апынуцца пад дзвярыма Агенцтва па інтэграцыі, міграцыі і прытулку. У мясцовых экспатаў акронім АІМА (Agência para a Integração, Migrações e Asilo) адскоквае ад зубоў у любым стане, бо з клеркамі канторы мае справу кожны, хто мае намер легалізавацца.

Першапачатковая спроба аўтаматам далучыцца да сям’і трэцім нумарам плёну не мела, тутэйшыя клеркі проста памяшаныя на даведцы аб несудзімасці. Прычым паўсюль — ад згаданага офісу да камерцыйных банкаў. Нават паабяцалі дэпартацыю ў краіну першага ўезду, калі да прызначанай даты такую не здабуду. Добра, што партугальская сістэма кантролю настолькі лянівая, што ўсе пагрозы насамрэч — толькі скалананне паветра.

У любым выпадку літаральна на хаду дакументы давялося перапісваць на міжнародную абарону. Пасля шэрагу пафасных працэдур папярэдняга сумоўя, адкаткай пальцаў (з другога разу) і дыстанцыйным допытам у міграцыйнага афіцэра выдалі «ахоўную грамату» — звычайны аркуш з прозвішчам і фота ў якасці пацвярджэння, што мой кейс прыняты да разгляду кампетэнтнымі органамі на мацерыку. Шчыра папярэдзіўшы, што калі за два месяцы нічога не зрушыцца (як быццам хтосьці разлічваў на іншае), каб адразу ж грукаўся да апекуноў-аімаўцаў — раздрукуюць свежую паперку на аналагічны тэрмін.

Маё пралангаванне мелася быць яшчэ ў апошняй дэкадзе мая, але хто б сумняваўся, што нічога путнага з тых абяцанак не выйдзе.

Па-першае, каляндарнае лета — для абарыгенаў як прыдатак да персанальнага адпачынку. І да яго пачынаюць рыхтавацца задоўга, прынамсі ў маі на нешта спадзяюцца толькі непалоханыя ідыёты з вялікай зямлі.

Па-другое, нідзе тыя фількіны граматы не патрабуюць — можаш гадамі не сутыкнуцца з сілавіком, нават каб на яго падзівіцца. А таму ніхто з чыноўнікаў не азадачваецца вытрымліваць часавыя рамкі.

Па-трэцяе, уся служба краіны, якая мусіць кантраляваць міграцыйны баланс, нечакана папалася на махровай карупцыі — ва ўсю гандлявалі так званымі залатымі пашпартамі, то-бок прадавалі грамадзянства Партугаліі пад праграму прыцягнення інвестыцый. Штрафнікоў у выніку разагналі, набіраюць незаплямленых. І калі тыя выйдуць на прамысловыя магутнасці — сакрэт фірмы.

Адным словам, у маім выпадку праблемка склалася тлустым шматслойным сэндвічам. Часовая паперка два месяцы як несапраўдная, наконт перспектыў ніякай уцямнай развязкі. На ўваходзе ў офіс АІМА сустрае цётка-ахоўніца, у арсенале якой адчаканеная англамоўная фраза для панаехалых — пішыце лісты (электронныя). Пры тым, што на мясцовым партале няма нават такой функцыі, а вышэйстаячы Лісабон у перапіску не ўступае. Застаецца толькі парадавацца за калег з пазнейшых партый у Літве і Польшчы, якія свае пытанні павырашалі непараўнальна аператыўней).

Часцяком падобныя мне бедалагі знаходзяць дапамогу, прынамсі кансультатыўную, у арганізацыі CRESAÇOR (Cooperativa Regional de Economia Social e Solidária dos Açores). Але пакуль там спадобіліся толькі на тое, што спрабавалі датэлефанавацца да кіраўніцтва АІМА. А там не ўзялі слухаўку. Вось жа наіўныя, такую развязку я б ім і сам наваражыў.

Ну і кантрольны стрэл — ужо з «хрустальнага сасуда». Цяжка сказаць, калі тое здарылася, але даведаўся, як пайшлі першыя сігналы ад выдвараных калег: крывавы рэжым у бонусным фармаце дробнага паскудства абнуліў пашпарт, нягледзячы на прапісаную ягоную прыдатнасць да 2030 года. Адзіная радасць, што ў іншых шыротах на гэткую самадзейнасць усім начхаць, а партугальцам дык і пагатоў. Таму па нібыта несапраўдным дакуменце і працоўны кантракт падпісаў, і банкаўскі рахунак адкрыў, і нават зафіксаваўся падаткаплатнікам.

Па вялікім рахунку, застаецца толькі расслабіцца ды плыць разам з цячэннем. Хіба што засмучае бестэрміновая прывязка да месца аселасці. Бо калі дагэтуль ратавала літоўская віза, то цяперашні статус недалёкі ад бамжацкага.

Чытайце таксама:

«Ну што, Карней, гатовы?» У гадавіну нечаканага вызвалення журналіст «Радыё Свабода» згадаў апошні дзень за кратамі

«Паставілі на лічыльнік яшчэ ў турме». Ігар Карней расказаў, чым скончылася гісторыя з судовымі выканаўцамі і штрафамі

Журналіст Ігар Карней расказаў, як стаў будаўніком на Азорах

Карней: Пад шоу выдзелілі самую вялікую залу, галоў на 200

Каментары да артыкула