У Крупскім раёне масава дохнуць краты. У чым прычына?
Жыхары аграгарадка Калодніца Крупскага раёна звярнулі ўвагу на незвычайную з'яву — на дарогах і ў розных месцах населенага пункта пачалі знаходзіць мёртвых кратоў. Пра гэта паведамілі адпачывальнікі, а мясцовыя жыхары пацвердзілі, што такія выпадкі назіраюцца не толькі ў адным месцы, піша «Мінская праўда».
Здымак ілюстрацыйны
Па словах адной з мясцовых жыхарак, падчас прагулкі па двух пасёлках Калодніцы яна налічыла каля дваццаці загінулых жывёл.
У сувязі з гэтым узнікла занепакоенасць, што супраць кратоў маглі выкарыстоўваць атрутныя рэчывы. Людзі асцерагаліся, што ў такім выпадку небяспека можа пагражаць і іншым жывёлам або птушкам.
«Мінская праўда» звярнулася па тлумачэнні ў Крупскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
Памочнік доктара-эпідэміёлага Аляксандр Кошалеў паведаміў, што ніякіх хімічных мерапрыемстваў знішчэння кратоў ні ў Калодніцы, ні ў іншых населеных пунктах раёна не праводзілася. Такім чынам, версія пра выкарыстанне атруты не пацвердзілася.
На думку спецыяліста, найбольш верагоднай прычынай гібелі жывёл стаў сезонны пакос травы.
Краты вельмі адчувальныя да моцных вібрацый і шуму, якія ўзнікаюць падчас працы трымераў і іншай касільнай тэхнікі. У перыяд актыўнай касьбы яны могуць пакідаць свае падземныя хады, пасля чаго становяцца лёгкай здабычай для драпежнікаў або не вытрымліваюць моцнага стрэсу.
Чытайце таксама:
У Беларусі знойдзены самы арыгінальны спосаб адпужвання кратоў
Літоўская сям'я пайшла ў грыбы і сустрэла ў лесе страуса
Да канца лета будзе ўсплёск актыўнасці кляшчоў
Знайшла сяброўку і пераехала ў публічны вальер. Як цяпер жыве яноціха-нелегалка Ясенія?