БЕЛ Ł РУС

«З Беларусі ў турму». Назву нашай краіны абыгралі на вясёлым шоу ў Вільні

25.07.2026 / 21:31

Станіслаў Покуць

У цэнтры Вільні ўпершыню ў краінах Балтыі ў рамках Рачнога фестывалю (Upės festivalis) прайшло экстрэмальнае шоу Red Bull Tandemynės, якое сабрала тысячы гледачоў і дзясяткі ўдзельнікаў. Смельчакі на самаробных тандэмных веласіпедах спускаліся з рампы, імкнучыся праехаць рызыкоўную трасу над вадой, аднак многія разам са сваімі незвычайнымі канструкцыямі ўрэшце апынуліся ў Віліі, піша выданне 15min.lt.

Фота з сацсетак Алеся Чахоўскага

Удзельнікі спаборніцтваў здзіўлялі не толькі хуткасцю, але і фантазіяй. Кожная каманда павінна была падрыхтаваць арыгінальнае прадстаўленне перад заездам. Гледачы ўбачылі незвычайныя касцюмы, крэатыўныя вобразы, тэатралізаваныя міні-пастаноўкі і самыя розныя інжынерныя вынаходніцтвы.

Red Bull Tandemynės сталі адной з галоўных падзей фестывалю Jaunas kaip Vilnius («Малады, як Вільня»). Мэр літоўскай сталіцы Валдас Бянкунскас адзначыў, што такое мерапрыемства дапамагло па-новаму адкрыць раку Вілію як месца для актыўнага адпачынку.

Фармат шоу, які ўпершыню правялі ў Літве і які быў вынайдзены ў Нідэрландах, выклікаў вялікую цікавасць. Тысячы жыхароў Вільні і гасцей горада назіралі за спаборніцтвамі з набярэжных, атрымліваючы асалоду не толькі ад экстрэмальных заездаў, але і ад крэатыўных выступленняў камандаў.

Для беларусаў жа найбольшую цікавасць выклікала адна з камандаў, на самаробным тандэме якой быў выведзены надпіс From Belarus to Prison («З Беларусі ў турму»). Ды і сам сродак транспарту быў выкананы ў выглядзе турэмнай камеры.

Якія сэнсы мае даносіць гэты слоган, можна зразумець з таго, чыя фігура ляжыць пад надпісам у плаўках і з татуіроўкамі — сумнавядомага ў Літве Антанаса Кандротаса-Цэлафанаса, якога беларускія прапагандысты нядаўна «эвакуявалі» з Літвы і які паспеў даць беларускаму тэлебачанню «інтэрв’ю без цэнзуры і аглядкі».

Каманда, якая прыдумала гэты нумар, называецца Kontrabanda, і яе ўдзельнікі — не беларусы.

Да фінішу «кантрабандысты», дарэчы, не дабраліся: іх канструкцыя ў пэўны момант перакулілася і разам з людзьмі на борце ўпала ў раку.

Чытайце таксама:

Не вытрымаў. Літоўскі дзеяч, які ад суда на радзіме ўцёк у Беларусь, трапіў у рэанімацыю

Літоўскі дзеяч пагражаў выслаць Ціханоўскіх у Мінск. А ў выніку ўцёк у Беларусь сам

Палітык, які не браў удзелу ў выбарах, шматразова судзімы. Што вядома пра літоўца з прапагандысцкіх перадач БТ

Каментары да артыкула