Палітык, які не браў удзелу ў выбарах, шматразова судзімы. Што вядома пра літоўца з прапагандысцкіх перадач БТ
Апошнімі днямі ў Літве асудзілі двух літоўскіх грамадзян, якія стаяць на прарасійскіх пазіцыях і рэгулярна ўдзельнічалі ў праграмах дзяржаўных прапагандысцкіх СМІ Беларусі — Лаўрынаса Рагельскіса і Эрыку Швенчонене. Цяпер жа ў праграмы БТ, прынамсі, Гродзенскай абласной тэлекампаніі найчасцей запрашаюць яшчэ аднаго літоўца — Антанаса Кандротаса. Яго там называюць «вядомым літоўскім палітыкам». «Радыё Свабода» паглядзела, як і чым ён вядомы.

Палітык, які ніколі не ўдзельнічаў у выбарах
Антанас Кандротас нарадзіўся ў Коўне 28 снежня 1980 года. Ён вядомы таксама пад мянушкай Цэлафан, у літоўскіх медыя фігуруе як Kandrotas-Celofanas.
У 2020 годзе ён збіраўся ісці на выбары ў парламент з партыяй «Саюз змагароў за Літву», але партыя не заплаціла ўнёсак, не сабрала подпісы, а таму яе не зарэгістравалі для ўдзелу ў выбарах.
Гэта невялікая ультраправая партыя, якую ўзначальваў скандальны мэр Коўна Вітаўтас Шустаўскас (памёр у 2023 годзе), што заяўляў пра намер прасіць палітычнага прытулку ў Беларусі — яго некалькі разоў затрымлівалі за знявагу паліцэйскіх. Меў прарасійскія погляды, выступаў супраць інтэграцыі Літвы ў Еўрасаюз і НАТА, адзін раз абіраўся ў парламент, а вядомасць яму прынёс так званы Баль жабракоў, які ён зладзіў у 1999 годзе для народа перад віленскай Ратушай, дзе тады першыя асобы дзяржавы праводзілі дабрачынны «Венскі баль».
У 2024 годзе Антанас Кандротас заяўляў пра намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах ад узначаленай ім партыі «Мы — Літва» («Mes Lietuva»), але яго не зарэгістравалі, бо ён не падаў усіх патрэбных дакументаў.
Шмаразова асуджаны за фінансавае махлярства і не толькі
У 2013 годзе Віленскі акруговы суд упершыню асудзіў Кандротаса за фінансавае махлярства. Тады яго пакаралі пазбаўленнем волі на адзін год і 7 месяцаў. У 2007 годзе ён стварыў фіктыўную кампанію, якая набывала актывы ў доўг, а потым знік.
Другі раз на такі ж тэрмін яго асудзілі ў 2017 годзе — ён не сплаціў 700 тысяч еўра падаткаў за дзейнасць фіктыўнай кампаніі, якая займалася набыццём і продажам бензіну.

У лістападзе 2023 года яго асудзілі на чатыры гады зняволення за фінансавае махлярства, але ў 2025 годзе датэрмінова вызвалілі.
У верасні 2025 года Антанаса Кандротаса асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі за ўдзел у беспарадках каля літоўскага парламента. Прысуд пакуль не набыў юрыдычную сілу, бо Кандротас яго абскардзіў і працэс пакуль не завершаны.
Сёлета ў лютым суд разглядаў справу супраць яго за абразу былога дэпутата і распальванне нянавісці на глебе сэксуальнай арыентацыі. Абвінавачанне прасіла суд пакараць яго адным годам пазбаўлення волі.
Удзельнік антыглабалісцкіх пратэстаў
Кандротас быў удзельнікам акцый пратэсту супраць абмежаванняў праз пандэмію COVID-19. На іх ён справакаваў сутыкненні з паліцыяй, суд абмежаваў яго ў магчымасці ўдзельнічаць у далейшых пратэстах. На судовых пасяджэннях ён у знак пратэсту супраць нашэння масак заклейваў рот скотчам.
«Палітычны эксперт» прапаганды ў Беларусі быў адным з арганізатараў «Вялікага маршу ў абарону сям’і» ў маі 2021 года супраць прапанаванага ўрадам праекта закона аб грамадзянскім партнёрстве.
Удзельнічаў у антыўкраінскіх акцыях пасля расійскага ўварвання ва Украіну.
Сувязі з Беларуссю
У 2021 годзе яго заўважылі за рулём аўтамабіля з чырвонымі нумарнымі знакамі — такія знакі маюць машыны дыпламатычных прадстаўніцтваў у Літве. Згодна з інфармацыяй літоўскіх медыя, аўтамабіль мог належаць пасольству Беларусі ў Літве. Але Антанас Кандротас гэта абвяргаў і сцвярджаў, што машына належыць Мальтыйскаму ордэну, сябрам якога ён нібыта з’яўляўся. Мальтыйскі ордэн гэта адхіліў і афіцыйна ад Кандротаса дыстанцыяваўся.
На сваёй старонцы ў Facebook Celofanas LIVE Антанас Кандротас публікаваў допісы супраць Святланы Ціханоўскай.
У студзені 2022 года Антанас Кандротас наведваў Беларусь разам з іншымі ўдзельнікамі антыеўрапейскай партыі «Зара справядлівасці» (яе ўзначальваў Альгірдас Палецкіс, асуджаны за шпіянаж на карысць Расіі) і ўдзельнічаў у сустрэчы з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. Яны называлі сябе прадстаўнікамі «літоўскай грамадзянскай супольнасці» і на сустрэчах абураліся палітыкай урада Літвы ў дачыненні да Беларусі пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце, прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і мігранцкага крызісу, які ўлады Беларусі распачалі ў 2021 годзе супраць сваіх еўрапейскіх суседзяў.
У жніўні 2025 года Кандротас актыўна ўдзельнічаў у мітынгу супраць прысутнасці Святланы Ціханоўскай у Літве, які арганізаваў крайне правы дэпутат Вітаўтас Сініца.
У Літве ненавісніку беларусаў далі хатнюю хімію і забаранілі карыстацца інтэрнэтам
Літовец, якога абвясцілі на радзіме ў вышук, знайшоўся ў Беларусі — быў «незалежным» назіральнікам на выбарах
Беспрацоўны з судзімасцю, няня, адміністратар гатэля і адмаўляльнік Халакосту. Каго лукашэнкаўская прапаганда выдае за замежных экспертаў?
Колькі каштуе беларуская прапаганда для Польшчы і хто яе робіць
Каментары