«Паставілі палаткі, развялі вогнішчы». МУС пацвердзіла затрыманне 350 чалавек пад Расонамі. Знайшлі і аргумент: «Многія ў голым выглядзе перад малалетнімі»
Сілавікі заявілі пра прыпыненне «несанкцыянаванага турзлёту» аматараў руху Rainbow Family каля мясцовага возера. Паводле афіцыйнай версіі, міліцыю выклікалі з-за «шумнага мерапрыемства з гучнай музыкай і палатачным лагерам».
Фота: МУС
Па словах сілавікоў, у злёце ўдзельнічалі больш за 300 чалавек, сярод якіх былі іншаземцы і непаўналетнія.
Арганізатарамі з’езда назвалі 23‑гадовую мінчанку і 52‑гадовага мінчука, іх затрымалі.
«На лінію 102 паступіла паведамленне, што на беразе возера праводзіцца шумнае мерапрыемства з вялікай колькасцю ўдзельнікаў. Прыбыўшы на месца, супрацоўнікі міліцыі выявілі больш за 300 грамадзян, сярод якіх былі замежнікі і непаўналетнія.
Тыя, хто сабраўся, усталявалі палаткі, распалілі вогнішчы і зладзілі гулянні з гучнай музыкай і выкарыстаннем атрыбутыкі розных рэлігійных плыняў. Многія з іх знаходзіліся ў аголеным выглядзе ў прысутнасці малалетніх дзяцей», — гаворыцца ў паведамленні, распаўсюджаным МУС.
Паводле інфармацыі сілавікоў, у дачыненні да ўдзельнікаў распачалі адміністрацыйны працэс паводле арт. 24.23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
Чытайце таксама:
Пад Расонамі затрымалі 350 удзельнікаў турзлёту
Расійскую рэкламшчыцу з Мсціслава асудзілі за палітыку
«Зноў смяюся і жартую». Гісторыя Ганны Скрыган, якая вярнулася ў прафесію эколага пасля турмы