Стас Мытнік з Akute стварыў сольны праект — паслухайце яго дэбютны трэк
Вакаліст і гітарыст Станіслаў Мытнік, вядомы па групе Akute, падзяліўся першым трэкам свайго новага сольнага праекта Mytnik.
У адрозненне ад звыклай ужо беларускамоўнай лірыкі ў аўтарстве Стаса, песня «Не ўтрымаўся» гучыць на рускай мове. Ва ўсім астатнім гэта па-ранейшаму сакавітыя гітарныя рыфы і рамантычныя тэксты ў аксамітным вакальным гучанні.
Стас Мытнік. Фота: асабісты архіў.
У 2022 годзе магілёўскі гурт Akute выпусціў свой шосты і на гэты момант апошні альбом «Напалову тут». Нягледзячы на абяцаныя прыхільнікам гастролі група залягла на дно.
Абазнаныя крыніцы распавялі «Нашай Ніве», што Akute цяпер на паўзе. Сярод іншага, яна звязаная з тым, што асноўны касцяк гурта пражывае ў розных краінах. Стас застаецца ў Беларусі, а Раман Жыгараў знаходзіцца ў Польшчы. Туды ж пераехала і экс-бубначка Vicky Fates, партыі якой сёння можна пачуць у групе Biaz Nazvy.