Трамп іранцам: Дамаўляйцеся або здавайцеся
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп 3 жніўня рэзка адрэагаваў на заявы Ірана пра тое, што Тэгеран нібыта не вядзе перамоў з Вашынгтонам. У сваім паведамленні ў сацыяльнай сетцы Truth Social ён заявіў, што амерыканская ваенная блакада будзе працягвацца, пакуль не будзе дасягнута «пагадненне або поўная капітуляцыя».
Дональд Трамп. Фота: Chip Somodevilla / Getty Images
Трамп назваў Іран «двудушным» за тое, што краіна адкрыта заяўляе аб адсутнасці перамоў. Па яго словах, ЗША насамрэч абмяркоўваюць з Іранам шляхі вырашэння праблемы, якая, як ён сцвярджае, існуе ўжо цэлыя дзесяцігоддзі.
Гэтая заява з'явілася пасля таго, як Міністэрства замежных спраў Ірана паведаміла, што прамых перамоў з ЗША цяпер няма. Паводле слоў іранскага боку, Тэгеран вядзе толькі перамовы з Аманам наконт гарантавання бяспечнага суднаходства праз Армузскі праліў.
Прадстаўнік іранскага МЗС Эсмаіл Багаеі заявіў, што Іран і Аман абмяркоўваюць стварэнне новага марскога маршруту праз Армузскі праліў. Ён адзначыў, што гэты шлях павінен улічваць інтарэсы і суверэнныя правы абодвух бакоў.
Раней Трамп сцвярджаў, што ЗША і Ізраіль пагадзіліся ўстрымацца ад новых удараў па Іране пры ўмове хуткага дасягнення дамоўленасці аб завяршэнні канфлікту. Іранскія СМІ гэтыя заявы абверглі.
Паводле слоў Трампа, Іран нібыта сам прасіў аб перамовах, але цяпер зноў вярнуўся да заяў пра кантроль над Армузскім пралівам. Амерыканскі прэзідэнт заявіў, што гэты важны марскі шлях нібыта ўжо цалкам кантралюецца ВМС ЗША і што доступ у Іран будзе абмежаваны да дасягнення пагаднення.
Чытайце таксама:
Перамовы з Іранам могуць прайсці сёння
Трамп аддаў загад нанесці новыя ўдары па Іране
«Зараз наша чарга». ЗША аднавілі ўдары па Іране
Сенат ЗША прыйшоў да згоды адносна «пякельных санкцый» супраць Расіі і Ірана
У камандаванні ЗША лічаць, што ўдары ў раёне Армуза вычарпалі эфектыўнасць — Axios