БЕЛ Ł РУС

У Дубровенскім раёне знайшлі абломкі савецкага знішчальніка

4.08.2026 / 17:26

Nashaniva.com

У Дубровенскім раёне падчас пошукавай экспедыцыі знайшлі абломкі савецкага знішчальніка Як-1 і парэшткі пяці чырвонаармейцаў, асобы якіх пакуль не ўстаноўлены, паведаміла выданне «Витебские новости».

Фота: vitvesti.by

Пошукі праводзілі байцы 52‑га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны разам з мінскім пошукавым атрадам «Бацькаўшчына». Месца раскопак было вызначана паводле ўспамінаў жыхароў вёсак Казлы і Панізоўе. Па меркаванні пошукавікаў, вайскоўцы загінулі падчас восеньскага наступлення 1943 года.

Пры раскопках былі знойдзеныя каскі, кацялок, дзве вінтоўкі, а таксама фрагменты амуніцыі і вайсковай формы. Аднак смяротных медальёнаў ці іншых імянных рэчаў не выявілі, таму ідэнтыфікаваць загінулых пакуль немагчыма.

Найбольш значнай знаходкай сталі рэшткі савецкага знішчальніка Як-1. Самалёт урэзаўся ў зямлю на вялікай хуткасці і моцна разбіўся, аднак пошукавікам удалося падняць асноўныя элементы канструкцыі, а таксама ўзбраенне — дзве кулямётныя ўстаноўкі і адну гармату. Цяпер спецыялісты шукаюць на дэталях заводскія нумары, каб праз архіў Міністэрства абароны высветліць баявы шлях самалёта і, магчыма, вызначыць асобу яго апошняга пілота.

Акрамя таго, з месца раскопак дасталі больш за 150 выбухованебяспечных прадметаў, якія перадалі сапёрам для абясшкоджання.

Усе знойдзеныя артэфакты часова захоўваюцца ў міліцыі. Пасля завяршэння неабходных працэдур іх перададуць у Дубровенскі гісторыка-краязнаўчы музей.

Чытайце таксама:

У Брэсце адкрылі мурал «Партызаны Брэстчыны». Гэта ўжо чацвёрты падобны аб'ект у горадзе

У Пінскім раёне малады мужчына загінуў ад выбуху боепрыпасу часоў Другой сусветнай вайны

У Рэчыцкім раёне знайшлі на ўчастку патроны Другой сусветнай вайны

Каментары да артыкула