БЕЛ Ł РУС

«Даказвала, што я — гэта я». Беларуска заказала БАДы ў ЗША — і даведалася, што павінна польскай дзяржаве больш за 5 мільёнаў даляраў

4.08.2026 / 17:42

Nashaniva.com

Адкрыўшы ліст ад польскай падатковай службы, Таццяна ледзь не страціла прытомнасць. Яна мусіць заплаціць польскай дзяржаве 20 мільёнаў злотых (каля 5,3 мільёна даляраў). Адкуль такая сума? Жанчына пачала разбірацца — і высветліла, што «доўг» атрымаўся праз шэраг супадзенняў. А пачалося ўсё з БАДаў для супакойвання, якія беларуска заказала ў ЗША. Таццяна расказала выданню Most, як два месяцы даказвала дзяржаўнаму органу, што яна — гэта яна.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

Напачатку лета Таццяна вярнулася з Варшавы ў Шчэцін, дзе цяпер жыве, і знайшла ў паштовай скрынцы паведамленне, што яе чакае заказны ліст. Праўда, імя яе было напісана недакладна — Таццяна Пятроўская — як у дзявоцтве. Пасля шлюбу жанчына ўзяла падвойнае прозвішча, дадаўшы частку Скапцова. Аднак такая недакладнасць яе не здзівіла: сябры часта апускаюць гэту частку.

Таццяна пайшла на пошту, атрымала ліст і адкрыла яго проста ў аддзяленні. Пачала чытаць — і ёй стала дрэнна. Падаткова-мытная адміністрацыя паведамляла, што яна, Таццяна Пятроўская, знаходзіцца ў санкцыйным спісе Рэспублікі Польшча за акт агрэсіі супраць Украіны. І павінна Польшчы 20 мільёнаў злотых.

Ліст быў афіцыйны. Версію пра тое, што гэта нейкія махляры, прыйшлося адкінуць.

«Сістэма аб’яднала нас у аднаго чалавека»

Беларуска пачала разбірацца. Чытаючы, яна зразумела, што недакладнасць у прозвішчы — не адзіная. Жанчына, пра якую ішла гаворка ў лісце, старэйшая за Таццяну на сем гадоў.

Стала зразумела: існуе іншая Таццяна Пятроўская з Беларусі. Вінаватая яна ў тым, што перавозіла мігрантаў, якія нелегальна перайшлі мяжу Беларусі і Польшчы. І сапраўды ўнесеная ў адмысловы спіс.

Як яе маглі пераблытаць з цёзкай? Усё аказалася да неймавернасці проста: незадоўга да тых падзей суразмоўца Most заказала ў ЗША БАДы для супакойвання — каб лепей спаць. Але адпраўшчык з нейкай прычыны скараціў прозвішча, прыбраўшы частку Скапцова. Такая прадукцыя аўтаматычна дэкларуецца. І ў сістэме аказалася, што тавар прыйшоў Таццяне Пятроўскай — з таго самага санкцыйнага спісу.

«Сістэма аб’яднала нас у аднаго чалавека», — тлумачыць Таццяна.

БАДы забралі, а пакупніцы выслалі ліст на адрас, які быў пазначаны на пасылцы.

«Калі б ведала, што я праз БАДы ўвогуле не буду спаць, дык, канешне, іх і не заказвала б», — жартуе суразмоўца.

«З нейкай Дзівай-Кансуэлай-Алівіяй такога б не здарылася»

Беларуска патэлефанавала ў аддзел, які накіраваў ёй ліст. Растлумачыла сітуацыю. Там пагадзіліся, але сказалі, што беларуска павінна давесці да органа, што яна — не тая асоба, якой тычыцца ліст.

Спачатку Таццяна накіравала падатковай карту побыту і пасведчанне аб шлюбе, потым спатрэбіўся скан праязнога дакумента замежніка і нават скрыншот кабінета, праз які яна заказала БАДы.

«Каб распачаць справу, хапіла, я думаю, пяці секунд, а каб усё праверыць і закрыць — спатрэбілася два месяцы. Увесь гэты час я была на сувязі і даказвала, што я — гэта я», — кажа Таццяна.

4 жніўня беларусцы нарэшце прыйшоў ліст, што справа закрытая. Дзяржаўны орган прызнаў, што патрабаванне да яе было памылковым.

«Калі хочаце назваць сваё дзіця рэдкім іменем, то зрабіце гэта, — раіць цяпер Таццяна. — Бо з нейкай Дзівай-Кансуэлай-Алівіяй такога б не здарылася».

Чытайце таксама:

«Прабачце, што рабіў Лад?» Былы супрацоўнік БТ прыгадаў кур'ёзную гісторыю

Беларус запусціў рэсурс для маніторынгу выдачы ДНЖ у розных гарадах Польшчы

«Адвакатка падманула маю жонку». Легендарны бубнач з маршаў Аляксей Санчук расказаў, як адседзеў доўгія шэсць гадоў і пра што нельга маўчаць

У Беластоку хуліганы прычапіліся да беларускай сям’і і пачалі яе абражаць

Каментары да артыкула