У Германіі Расія напярэдадні выбараў запусціла кампанію «Матрошка»
У Германіі адзначаюць рост колькасці дэзынфармацыйных кампаній, якія, як мяркуецца, падтрымліваюцца Расіяй і актывізуюцца напярэдадні выбараў у некалькіх федэральных землях. Пра гэта агенцтву Reuters паведамілі крыніцы ў сферы бяспекі.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com
Паводле іх слоў, гэтыя інфармацыйныя аперацыі часта скіраваныя супраць палітычных канкурэнтаў ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (АдГ). Мэта такіх кампаній, як сцвярджаецца, — узмацніць раскол у грамадстве, абвастрыць палітычную сітуацыю і дыскрэдытаваць дзейную ўладу і іншыя палітычныя сілы.
Чатыры крыніцы ў нямецкіх органах бяспекі заявілі, што ўлады ўпэўненыя: кампаніі каардынуюцца з Расіі праз сетку арганізацый.
У межах гэтых аперацый праз сацыяльныя сеткі распаўсюджваюцца відэаролікі, пераважна на англійскай мове, з лагатыпамі вядомых СМІ, у тым ліку Бі-бі-сі і нямецкага тэлеканала ARD.
У гэтых матэрыялах утрымліваюцца фальшывыя абвінавачанні супраць мясцовых палітыкаў — ад нібыта крадзяжу дзяржаўных сродкаў да сэксуальных дамагальніцтваў і іншых злоўжыванняў.
Прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў Германіі пацвердзіў, што ўрад сочыць за дэзынфармацыйнай кампаніяй, якую назвалі «Матрошка», але пакуль не прымае актыўных мер.
«На гэты момант гэтая кампанія не мае значнага ахопу ў інтэрнэце. Але гэта не азначае, што мы можам аслабіць пільнасць. Яна па-ранейшаму застаецца сур’ёзнай дэзынфармацыйнай кампаніяй», — заявіў прадстаўнік ведамства.
Партыя «Альтэрнатыва для Германіі», якая заняла другое месца на леташніх агульнанацыянальных выбарах і паказала свой найвышэйшы вынік з часоў Другой сусветнай вайны, працягвае павялічваць падтрымку напярэдадні выбараў у некалькіх землях, якія пройдуць у верасні.
У зямлі Саксонія-Ангальт партыя мае шанцы атрымаць абсалютную большасць галасоў на выбарах 6 верасня, што дазволіла б ёй упершыню сфарміраваць уласны ўрад зямлі.
Раней паведамлялася, што кіроўная нямецкая партыя — Хрысціянска-дэмакратычны саюз (ХДС) — стварыла шырокую каманду экспертаў, якія будуць кансультаваць яе падчас кампаніі да зямельных выбараў з мэтай супрацьстаяць росту папулярнасці АдГ.
Чытайце таксама:
З Францыі высылаюць расійскую прапагандыстку
Ціхая вайна за свядомасць. Як Расія хавае сваю прапаганду за асабістымі гісторыямі