БЕЛ Ł РУС

Пуцін можа паспрабаваць атакаваць НАТА ўжо восенню, лічыць разведка ЗША

7.08.2026 / 17:43

Nashaniva.com

Але абмежаванае сухапутнае ўварванне лічаць малаверагодным.

Фота: Sefa Karacan/Anadolu via Getty Images

Новыя ацэнкі разведкі ЗША паказваюць, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін можа паспрабаваць праверыць рашучасць НАТА абмежаваным ударам па адной з краін альянсу ў бліжэйшыя некалькі гадоў — ад кібератакі да невялікага сухапутнага ўварвання. Часавыя рамкі — ад восені гэтага года да 2029 года, піша The Wall Street Journal.

Раней ЗША лічылі, што Пуцін не стане правакаваць НАТА, пакуль працягваюцца баявыя дзеянні ва Украіне. Але гэта ацэнка змянілася: Пуцін знаходзіцца пад ціскам праз няўдачы на фронце, бо ўкраінскія дроны наносяць усё большую шкоду арміі і нафтавай галіне Расіі, і імкнецца дасягнуць перамогі.

ЗША і еўрапейскія саюзнікі ўсё часцей фіксуюць прыкметы пробных атак Расіі — напрыклад, расійскія крылатыя ракеты заляталі ў Польшчу, а дроны — у Румынію.

Мэта магчымай атакі на НАТА, калі яна адбудзецца, — раскалоць альянс.

Найбольш небяспечны сцэнар — абмежаванае сухапутнае ўварванне, але ён лічыцца малаверагодным.

Паралельна ёсць занепакоенасць нястачай крытычна важных боепрыпасаў у ЗША — праз пастаўкі Украіне і канфлікт з Іранам. Размова ідзе пра ракеты Precision Strike Missile, ATACMS, ЗРК Stinger, а таксама сістэмы СПА Patriot, SM-3, THAAD.

Пентагон і Белы дом абвяргаюць сцвярджэнні пра нястачу боепрыпасаў, заяўляючы, што ЗША маюць «больш чым дастаткова» ўзбраенняў для мэтаў прэзідэнта Трампа.

Паводле даных Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў (CSIS), у вайне з Іранам ЗША выдаткавалі 1060—1430 ракет Patriot, пакінуўшы ў рэзерве каля 870 штук — што выклікае трывогу наконт магчымасцей стрымлівання адначасова Расіі і Кітая.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула